Ала Цупер пранесла сцяг Беларусі на адкрыцці Алімпійскіх гульняў
Алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 фрыстайлістка Ала Цупер пранесла сцяг Беларусі на цырымоніі адкрыцця XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане.
Беларуская дэлегацыя прайшла па дарожках алімпійскай арэны 29-й, а ўсяго на арэнах Пхёнчхана выступяць спартсмены з 92 краін планеты. У складзе зборнай Беларусі акрамя Алы Цупер яшчэ два алімпійскія чэмпіёны – фрыстайліст Антон Кушнір і біятланістка Дар’я Домрачава, якая тройчы ўзнімалася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару на сочынскіх Гульнях. Там жа ўладальнікам бронзы стала яшчэ адна страляючая лыжніца Надзея Скардзіна. Самым вопытным сярод усіх беларускіх спартсменаў з’яўляецца лыжнік Сяргей Далідовіч, для якога цяперашняя Алімпіяда сёмая ў кар’еры.
Акрамя гэтых атлетаў за ўзнагароды Пхёнчхана-2018 паспрачаюцца яшчэ 27 беларускіх атлетаў: біятланісты Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей, Антон Смольскі, Раман Ялётнаў, Уладзімір Чапелін, Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, фрыстайлісты Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская, лыжнікі Юрый Астапенка, Аляксандр Воранаў, Міхаіл Сямёнаў, Валянціна Камінская, Настасся Кірылава, Паліна Сераносава, Юлія Ціханава, канькабежцы Ігнат Галавацюк, Віталь Міхайлаў, Марына Зуева, Таццяна Міхайлава, Ксенія Садоўская, гарналыжнікі Юрый Данілачкін, Марыя Шканава і адзіны прадстаўнік шорт-трэка Максім Сяргееў.
Галоўныя медальныя надзеі беларускія балельшчыкі звязваюць з біятланісткамі і фрыстайлістамі. Беларусь сёмы раз прыме ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай. У медальнай скарбонцы беларускай зборнай 15 узнагарод – 6 залатых, 4 сярэбраныя і 5 бронзавых.
***
У карэйскім Пхёнчхане прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў. Парад краін-удзельніц Алімпіяды па традыцыі адкрыла Грэцыя, а завяршылі яго спартоўцы КНДР і Паўднёвай Карэі. У складзе беларускай дэлегацыі на гульнях 32 спартоўцы. Найбольшыя надзеі ўскладаюцца на біятланістак і фрыстайлістаў.
„Але поспех Алімпіяды ў Сочы цяжка будзе паўтарыць,” – кажа спартовы агладальнік тэлеканала «Белсат» Аляксандр Пуціла.
– Той выпадак, калі Домрачава ў адзін дзень атрымала адразу тры залатыя медалі, 14 лютага, гэта выпадак вельмі рэдкі, ён быў нечаканы. Зараз нашыя чыноўнікі сталі ўжо планаваць медалі. Я думаю, што медалі будуць. У тым самым фрыстайле мы на добрым узроўні. І лідары ў свеце. Нашыя атлеты перамагалі ў гэтым сезоне. А вось у біятлоне можам застацца і без узнагародаў. Я так думаю, ёсць і такі варыянт.
За медалі Алімпіяды – а ўсяго будзе разыграна 102 камплекты – павядуць саперніцтва спартоўцы з 92 краінаў. Заўтра першыя медалі разыграюць біятланісты. Беларускія заўзятары ў гэтым відзе спорту галоўныя надзеі звязваюць з алімпійскай чэмпіёнкай Сочы Дар’яй Домрачавай.
Анатон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя