Алег Дулуб адпраўлены ў адстаўку з ФК „Адыраў”



Галоўны трэнер „Атыраў” беларус Алег Дулуб адпраўлены ў адстаўку, паведамляе kazfootball.kz. Алег Дулуб прыняў „Атыраў” у пачатку траўня 2019 года і першай яго гульнёй стаў Кубкавы матч супраць „Алтая”. Пад яго кіраўніцтвам „Атыраў” згуляў 14 матчаў, тройчы перамог, 3 матчы згуляў унічыю і пацярпеў 8 паразаў, прычым саступіў у апошніх пяці турах. „Атыраў”, у 25 сустрэчах набраўшы 18 ачкоў, займае перадапошняе, 11-е, месца ў чэмпіянаце Казахстана.

18-гадовы Аляксей Протас прызнаны першай зоркай у дэбютнай гульні за „Вашынгтон”

Беларускі форвард Аляксей Протас прызнаны першай зоркай першага выставачнага матчу „Вашынгтона” гэтай восенню. У актыве Протаса – гол і дзве выніковыя перадачы. За вечар беларускі хакеіст, які гуляў у тройцы з Джо Снайвлі і Бекам Маленсцінам, тройчы кідаў па брамцы. „Вашынгтон” выйграў у „Чыкага” з лікам 4:3.

Талісманам зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 года стала панда

Арганізацыйны камітэт зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 года ў Пекіне прадставіў афіцыйны талісман спаборніцтваў. Ім стала панда Бін Двэнь Двэнь, паведамляецца ў Twitter-акаўнце Алімпіяды-2022. „У касцюме з лёду, з залатым сэрцам і любоўю да ўсіх зімовых відаў спорту панда гатова падзяліцца сапраўдным духам Алімпіяды з усім светам” – гаворыцца паведамленні.

Ягор Герасімаў выйшаў у другі круг турніру ў Санкт-Пецярбургу

Першая ракетка Беларусі Ягор Герасімаў (119 АТП) прабіўся ў 1/8 фіналу турніру ў Санкт-Пецярбургу з прызавым фондам 1,18 млн даляраў. У першым крузе ён у двух сэтах адолеў чэха Лукаша Росала (145) – 7:5, 6:2. Наступным супернікам Герасімава стане француз Адрыян Манарына.

Ігар Бурко пралангаваў кантракт з „Шахцёрам”

Абаронца салігорскага „Шахцёра” Ігар Бурко працягнуў тэрмін супрацоўніцтва з клубам. Футбаліст выступае за „Шахцёр” з 2016 года. Новы кантракт разлічаны да канца сезона-2020, – паведамляе сайт „Шахцёра”. У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі Бурко правёў за гарнякоў 9 матчаў, у якіх адзначыўся адным забітым мячом.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя