Алег Логвін: Я ганаруся сваім народам!



Знакаміты беларускі велагоншчык, алімпійскі чэмпіён і прызёр сусьветных чэмпіянатаў Алег Логвін рэгулярна наведвае акцыі пратэсту супраць кіравання Лукашэнкі. У інтэрвію „Трыбуне” ён сказаў: Члены маёй сям’і дапамагалі пацярпелым. Дачка разам з сяброўкамі сабралася, купіла прадукты і адвезла іх людзям. На жаль, гэтыя людзі сёння могуць толькі піць, а не жаваць. У многіх выбітыя зубы. Шмат людзей знаходзяцца ў коме або паўкоме. Некаторыя проста не могуць рухацца! Вельмі парадавала, што каля гэтай установы аховы здароўя мы былі не адны. Там знаходзілася шмат народу. Ганаруся сваімі дзецьмі за такі патрыятызм і чалавечае стаўленне.

Мне патэлефанаваў двухразовы алімпійскі чэмпіён Умарас Гінтаўтас: «Алег, калі нешта трэба, мы гатовыя дапамагчы». Я ж лічу, што цяпер павінен застацца ў Беларусі. Я ганаруся сваім народам, тут павінен жыць не толькі я, але і мае дзеці. Сёння людзі маюць права страйкаваць. І гэта павінна праходзіць праз прафсаюз, але ў нашай краіне ён папросту ручны. Забастоўка – гэта агульнасусветная практыка. Не бачу ў ёй нічога крымінальнага. Цяпер людзі хочуць, каб з імі элементарна лічыліся. Вялікі беларускі народ перажыў другую сусветную вайну. Скажыце, чаму ён павінен баяцца звальненняў? Нам трэба паважаць сябе і бараніць свае ідэалы.

Беларускае Радыё Рацыя