Алену Леўчанку выпусцілі з турмы. Рашэнне суда па новай справе – штраф 



Зорную беларускую баскетбалістку Алену Леўчанку 15 кастрычніка судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што адбылося 20 верасня.

Раней спартоўка атрымала 15 сутак за ўдзел у вулічнай акцыі 23 жніўня. Працэс праходзіў па відэасувязі. Па рашэнні суда Леўчанка была аштрафаваная на 30 базавых велічыняў (810 рублёў) у рамках адміністрацыйнага спагнання. Працэс вяла суддзя Таццяна Шоцік. Важна адзначыць, што другі суд над Леўчанкай будаваўся на паказаннях сакрэтнага сведкі „Шарапава”, які на працэсе не прысутнічаў.

Ілля Івашка саступіў 12-й ракетцы свету Дзянісу Шапавалаву

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прайграў у матчы 1/8 фіналу на турніры ў Санкт-Пецярбургу. У двух сэтах ён саступіў 12-й ракетцы свету канадцу Дзянісу Шапавалаву – 1:6, 4:6.

Нападнік Ілля Літвінаў падпісаў пробны кантракт з менскім „Дынама”

22-гадовы нападнік Ілля Літвінаў далучыўся да „зуброў”, падпісаўшы пробны кантракт. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт хакейнага клуба. Ён пачаў сезон у „Дынама-Маладзечна” і ў 11 матчах адзначыўся 5 (2+3) баламі. Раней форвард ужо выступаў за менскае „Дынама”: у сезоне 2018/19 правёў 49 матчаў, набраў 2 (1+1) балы.

Міжнародная федэрацыя валейбола вызначылася з краінамі, у якіх пройдуць матчы ЧС

Міжнародная федэрацыя валейбола (FIVB) вызначылася з краінамі-гаспадынямі першынстваў свету-2021 у розных узроставых катэгорыях. Так, чэмпіянат свету сярод юніёрак (U-17) прыме Мексіка. Планетарны форум сярод юніёраў (U-18) пройдзе ў Іране. Моладзевы чэмпіянат свету сярод жаночых каманд (U-20) прымуць Нідэрланды і Бельгія. Аналагічнае першынство сярод мужчынскіх моладзевых зборных (U-21) пройдзе ў Італіі і Балгарыі.

Этап Кубка свету па фрыстайле ў Італіі адменены з-за каронавіруса

Этап Кубка свету па фрыстайле ў дысцыпліне скі-крос у Сан-Кандзіда (Італія) адменены з-за пандэміі каронавіруса. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS). Спаборніцтвы павінны былі прайсці 18-20 снежня.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org