Алі Шабанаў заваяваў алімпійскую ліцэнзію на Гульні ў Токіо



Беларускі барэц вольнага стылю Алі Шабанаў, прабіўшыся ў фінал еўрапейскага кваліфікацыйнага турніру, які стартаваў у Будапешце, заваяваў алімпійскую ліцэнзію на Гульні ў Токіо. Атлет, які выступае ў вагавай катэгорыі 86 кг, у паўфінале перамог суперніка з Балгарыі Ахмеда Магамаева з лікам 6:0. Таксама алімпійскую ліцэнзію заваяваў Аляксандр Гуштын, які выйшаў у фінал у вагавай катэгорыі 97 кг. У паўфінале ён разграміў з лікам 9:0 суперніка з Італіі Абрахама дэ Хесуса Каньеда Руана. Дзяніс Храмянкоў, які выступае ў вагавай катэгорыі 125 кг, выйграў трэцюю алімпійскую ліцэнзію для зборнай Беларусі. Лёс алімпійскай ліцэнзіі вырашаўся ў драматычнай паўфінальнай сутычцы супраць расейца Шаміля Шарыпава, пераможцы Кубка свету ў асабістым заліку. Беларускі атлет доўгі час быў у ролі даганяючага. Узламаць абарону суперніка яму ўдалося за імгненне да фінальнага свістка. Суддзі спачатку не ацанілі выніковае дзеянне беларуса. Але пасля падачы пратэсту змянілі сваё першапачатковае рашэнне. Такім чынам, пры ліку 4:4 па правілу апошняга дзеяння пераможцам сутычкі быў абвешчаны Дзяніс Храмянкоў. Еўрапейскі кваліфікацыйны турнір, які праходзіць у сталіцы Вугоршчыны, завершыцца 21 сакавіка.

Хакеісты „Юнацтва” перамаглі жлобінскі „Металург” на старце паўфінальнай серыі плэй-оф

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі жлобінскі „Металург” у першым матчы паўфінальнай серыі чэмпіяната краіны. Сустрэча завяршылася ў авертайме з лікам 4:3. У дадатковы час перамогу мінчанам прынёс дакладны кідок Міхаіла Стэфановіча, якому асіставаў Сяргей Дрозд. Такім чынам, хакеісты „Юнацтва” павялі ў ліку 1:0.

„Краснадар” не ўтрымаў перамогу над „Дынама” у матчы футбольнага чэмпіянату Расеі

Футбалісты „Краснадара” не ўтрымалі перамогу над маскоўскім „Дынама” у хатнім матчы 23-га тура чэмпіянату Расеі. Краснадарская каманда ў пачатку другога тайма выйгравала з лікам 2:0, але апошнія паўгадзіны госці тройчы засмуцілі супернікаў і вырвалі валявую перамогу 3:2. Беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч у матчы не гуляў. Таксама маскоўскі „Лакаматыў” перайграў на выездзе „Уфу” – 1:0. Беларускі форвард масквічоў Віталь Лісаковіч выйшаў у стартавым складзе, на 53-й хвіліне атрымаў папярэджанне і быў заменены на 79-й хвіліне гульні. Маскоўскі „Спартак” у сябе дома разграміў „Урал” з Екацярынбурга з лікам 5:1.

Данецкі „Шахцёр” не выйшаў у чвэрцьфінал Лігі Еўропы

На футбольных арэнах Старога Свету прайшлі матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі Еўропы. Чэмпіёны Украіны футбалісты данецкага „Шахцёра” пасля разгромнай паразы ў італьянскай сталіцы ад „Ромы” 0:3 у Кіеве таксама прайгралі – 1:2 і завяршылі выступ у еўракубкавым сезоне.«Вільярэал» перамог кіеўскае «Дынама» 2:0. Абодва галы іспанцы забілі ў першым тайме. «Вільярэал» абыграў кіеўлянаў па суме дзвюх сустрэч з агульным лікам 4:0 і выйшаў у чвэрцьфінал Лігі Еўропы. У Лондане мясцовы „Арсенал” саступіў грэцкаму „Алімпіякасу” з лікам 0:1, але прайшоў у чвэрцьфінал, дзякуючы больш буйной вікторыі ў Пірэі – 3:1. Заграбскае «Дынама» прымала лонданскі «Тотэнхэм». Сустрэча завяршылася сенсацыйнай перамогай гаспадароў з лікам 3:0 пасля дадатковага часу. Першы тайм прайшоў без галоў. У другім тайме загрэбскае «Дынама» актывізавалася. На 62-й хвіліне лік у матчы адкрыў Міслаў Оршыч. На 82-й хвіліне ён забіў другі мяч, які перавёў гульню ў дадатковы час. На 106-й хвіліне харвацкі нападнік зноў трапіў у браму «Тотэнхэма», аформіўшы хет-трык і стаўшы галоўным героем матчу. Нягледзячы на перамогу «Тотэнхэма» у першай сустрэчы з лікам 2:0, агульны лік двухматчавага супрацьстаяння – 3:2 на карысць «Дынама». «Манчэстар Юнайтэд» выйшаў у чвэрцьфінал, пакінуўшы за бортам турніру «Мілан».

У матчы ў адказ на 48-й хвіліне адзіны гол забіў паўабаронца «Манчэстар Юнайтэд» Поль Пагба. Першы матч завяршыўся з лікам 1:1.

«Рэйнджэрс» удзевяцёх прайграў «Славіі» 0:2 і вылецеў з Лігі Еўропы У першым матчы была зафіксавана нічыя 1:1. Нарвежскі „Мольдэ” у Будапешце адолеў „Гранаду” з вынікам 2:1, аднак у 1/4 фіналу прабіўся іспанскі клуб, які тыдзень таму на сваім полі выйграў 2:0.

Беларускае Радыё Рацыя