Алімбекава і Смольскі занялі 8-е месца ў мас-старце Каляднай гонкі



Беларускія біятланісты Дынара Алімбекава і Антон Смольскі занялі 8-е месца ў мас-старце Каляднай гонкі, якую сёлета прымае нямецкі Рупольдынг.  

Беларускі біятлонны дуэт здзейсніў сем промахаў, адстаўшы ад пераможцаў Яўгеніі Паўлавай і Мацея Елісеева на 1 хвіліну 50,1 секунды. Расейцы не закрылі тры мішэні і святкавалі перамогу з  паказчыкам 33 хвіліны 15,3 секунды. Другое месца занялі нямецкія спартоўцы Францыска Пройс і Сымон Шэмп, якія дапусцілі чатыры недакладнасці на стрэльбішчы, адставанне склала 18,2 секунды. Замкнулі тройку наймацнейшых Ліза Тэрэза Хаўзэр і Юльян Эберхард з Аўстрыі (8 промахаў і адставанне 50,2 секунды). Наперадзе ў спартоўцаў гонка пераследу.

 Аляксей Бага – галоўны трэнер „Актобе”

Беларускі спецыяліст Аляксей Бага ўзгадніў умовы кантракту з казахстанскім „Актобэ” і прыступіць да працы ў пачатку студзеня. Папярэднім клубам настаўніка быў віленскі „Жальгірыс”, які ён прывёў да золата чэмпіянату Літвы. Бага прыедзе ў новы клуб 7 студзеня. Да гэтага яму трэба будзе вырашыць усе хатнія справы і пытанні з пераездам.

„Актобэ” ужо пачаў першыя зборы, – адзначае prosports.kz.

 „Чэлсі” не змог абыграць „Астан Вілу”

 У матчы 16-га тура англійскай прэм’ер-лігі „Чэлсі” на „Стэмфард Брыдж” задаволіўся нічыёй з „Астан Вілай” – 1:1. На гол Жыру на 34 хвіліне адказаў Эль-Газі на 50-й. „Чэлсі” на фоне невыразных вынікаў апошніх матчаў разглядае варыянты замены Фрэнка Лампарда на пасадзе галоўнага трэнера. Адным з прэтэндэнтаў на ролю пераемніка ангельца называецца немец Томас Тухель, нядаўна звольнены з „Пары Сен-Жэрмэн”.

„Крыстал Пэлас” і „Лестэр Сіці” таксама разышліся мірам – 1:1. Заа адкрыў лік на 58-й хвіліне, Іхеанача, які ў адсутнасць Вардзі прабіваў пенальці не змог абыграць брамніка гаспадароў, але на  83-й хвіліне Харві Барнс усё ж уратаваў нічыю для сваёй каманды.

Матч паміж „Эвертанам” і „Манчэстар Сіці” быў перанесены, бо ў складзе „гараджанаў” быў выяўлены шэраг выпадкаў заражэння каронавірусам. COVID-19 выяўлены ў нападніка Габрыэла Жэзуса, абаронцы Кайла Уокера і яшчэ двух чалавек з персаналу каманды.

Гандбалісты „Барселоны” выйшлі ў фінал Лігі чэмпіёнаў

У нямецкім Кёльне стартаваў вырашальны этап гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У першым паўфінальным матчы гандбалісты іспанскай „Барселоны” перамаглі французскі „Пары Сэн-Жэрмэн” з лікам 37:32.

У другім паўфінале вугорскі „Веспрем” сустрэнецца з нямецкім „Кілем”.

Леўчанка, Герасіменя і Хіжынкова. Журналісты «Прессбола» ў чарговы раз вызначылі «Чалавека года»

З 1992 года журналісты папулярнага спартовага выдання «Прессбол» вызначаюць лаўрэата ў намінацыі „Чалавек года”. У 2020-м тытул падзялілі трое. Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка і Вольга Хіжынкова – нялёгка было выбраць з гэтых адважных дзяўчат лепшую.

«Годныя ўсе. І трохразовая медалістка Алімпійскіх гульняў, кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці. І адна з лепшых баскетбалістак Еўропы, якая адсядзела на Акрэсціна 15 сутак. І сонечная Міс Беларусь, якая адбыла там жа 42 дні », – лічаць журналісты газеты.

Крытэры «Прессбола» засталіся нязменнымі, але змянілася кан’юнктура. Менш чым за паўгода з газеты звольніліся двое галоўных рэдактараў, а чарговы галоўрэд заняў пасаду насуперак волі калектыву і, больш за тое, супраць уласнага жадання. Гэты матэрыял не з’явіцца ў газеце, месцу для «Чалавека года» ў ёй не знайшлося. SPORT.TUT.BY вырашыў дапамагчы калегам, і выбар значнай часткі аўтараў «Прессбола» усё ж стаў набыткам грамадскасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belta.by