Алімбекава заняла 3-е месца ў гонцы пераследу на этапе Кубка свету
Беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава заняла трэцяе месца ў гонцы пераследу на пятым этапе Кубка свету ў нямецкім Оберхофе.
Пасля пяці чацвёртых месцаў у асабістых гонках цяперашняга сезону Алімбекава ўсё ж здолела дабрацца да п’едэстала гонару. Пры двух промахах на чатырох агнявых рубяжах беларуска саступіла 42,7 секунды лідару агульнага заліку нарвежскай біятланістцы Марце Олсбю-Ройселан. Другое месца заняла шведская біятланістка Ханна Эберг.
У мужчынскай гонцы пераследу на 12,5 км перамог французскі біятланіст Кент Фіён Маі, другім фінішаваў швед Себасцьян Самуэльсан, трэцяе месца заняў нарвежац Тар’е Бё. Наступны этап Кубка планеты запланаваны правесці з 12 па 16 студзеня ў нямецкім Рупольдынгу.
Аляксандра Сасновіч прайграла ў фінале турніру ў Мельбурне
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая займае 107-е месца ў сусветным рэйтынгу, трэці раз у кар’еры пацярпела паразу ў фіналах турніраў пад эгідай WTA. У аўстралійскім Мельбурне на спаборніцтвах з прызавым фондам 239 тысяч даляраў беларуска ў трохсэтавым паядынку саступіла прадстаўніцы ЗША Амандзе Анісімавай, якая мае 78-ы нумар рэйтынгу WTA. У першай партыі, якая доўжылася амаль гадзіну, Сасновіч вяла 4:2, але суперніцы ўдалося пераламіць ход гульні і выйграць – 7:5. У другім сэце беларуска поўнасцю перайграла Анісімаву, аддаўшы ёй толькі адзін гейм – 6:1. У вырашальнай партыі Аляксандра Сасновіч адразу выйграла тры гейма запар, а потым гульня ў яе разладзілася і яна прайграла з лікам 4:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 7 хвілін.
Гомельскі БЧ трэці раз выйграў Кубак Беларусі па міні-футболе
Гомельскі клуб БЧ трэці раз стаў уладальнікам Кубка Беларусі па міні-футболе. У вырашальным паядынку 32-га кубкавага розыгрышу спартоўцы БЧ на пляцоўцы мінскага палаца спорту „Уручча” адолелі ў авертайме землякоў з ВРЗ з лікам 3:2. У паўфіналах спартоўцы ВРЗ разграмілі „Барысаў-900” 10:0, а БЧ упэўнена перайграў гарадзенскае „УУС-Дынама” 7:2.
Салігорскі „Шахцёр” згуляе з „Црвенай Звездай” на зборы ў Турцыі
Салігорскі „Шахцёр” згуляе з сербскай „Црвенай Звездай” на зборы ў Турцыі. Як паведамляе прэс-служба бялградскага клуба, таварыскі матч адбудзецца 3 лютага ў Анталіі. „Шахцёр” пры гэтым пакуль не паведамляў аб перадсезонных планах і замежных зборах.
„Ювентус” адолеў „Рому” ў вар’яцкім матчы
„Ювентус” на выездзе перамог „Рому” ў матчы 21-га тура чэмпіянату Італіі – 4:3. Каманда Масіміліяна Алегры да 53-й хвіліны саступала з лікам 1:3, а на 81-й быў выдалены абаронца турынцаў Матэйс дэ Ліхт.
„Юве” з 38 баламі ідзе пятым у турнірнай табліцы, у „Ромы” 32 ачкі і восьмая пазіцыя. „Мілан” упэўнена перамог „Венецыю” 3:0. Голам адзначыўся Златан Ібрагімавіч. „Венецыя” стала 80-м клубам з топ-5 ліг Еўропы, якому забіў 40-гадовы швед.
Хакеісты „Віцебска” абыгралі „Лакаматыў” у матчы чэмпіянату Беларусі
Хакеісты „Віцебска” здабылі звышвалявую перамогу над аршанскім „Лакаматывам” у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі – 4:3. Да дзявятай хвіліны гульні гаспадары саступалі 0:2, а ў другім перыядзе адрыў аршанцаў вырас да трох шайб. Аднак усяго праз 20 секунд пасля трэцяга ўзяцця брамкі гаспадары намаганнямі Дзяніса Кузьміна вярнуліся ў гульню, а яшчэ праз пару хвілін Артур Гільманаў скараціў адставанне да мінімуму. У сярэдзіне заключнай трэці лічбы на табло зраўняліся, калі вызначыўся Глеб Шкапцоў, а ў авертайме вікторыю „Віцебску” прынёс Дзмітрый Кузьмін. Усяго ў гэтай сустрэчы абаронца „мядзведзяў” набраў тры бамбардзірскія балы. Гэтая параза пазбавіла „Лакаматыў” шанцаў на трапленне ў топ-6. У другім паядынку наваполацкі „Хімік” на хатняй арэне адолеў у серыі пасляматчавых булітаў гасцей з „Магілёва” – 2:1.
Матч з удзелам „Нью-Джэрсі” Шаранговіча адменены
Матч „Нью-Джэрсі” і „Тампы”, які павінен быў адбыцца ў ноч на аўторак, 11 студзеня, перанесены на нявызначаны тэрмін, паведамляецца на афіцыйным сайце лігі. Матч не адбудзецца з-за праблем абедзвюх каманд, звязаных з каронавірусам. У „Нью-Джэрсі” па стане на вечар нядзелі ў ковід-пратаколе знаходзяцца 9 гульцоў, у тым ліку і беларускі форвард Ягор Шаранговіч. Калі гэтыя каманды сустракаліся ў мінулы раз, Шаранговіч унёс важкі ўклад у перамогу „д’яблаў”: ён зрабіў дубль, а таксама вызначыўся адным асістэнцкім балам. „Нью-Джэрсі” займае 12-е месца ў турнірнай табліцы Захаду.
Беларускае Радыё Рацыя