Аліна Талай перамагла на турніры ў Польшчы
Беларуская спартоўка Аліна Талай перамагла на дыстанцыі 60 м з бар’ерамі на чацвёртым этапе міжнароднага турніру World Athletics Indoor Tour, які прайшоў у польскім Торуні. У вырашальным забегу Аліна паказала вынік 7,87 секунды. Эльвіра Герман не змагла адабрацца ў фінальную стадыю ў дадзенай дысцыпліне. Яшчэ адна беларуска Дар’я Барысевіч, якая выступае ў бегу на 1500 м, спынілася на пятай пазіцыі выніковага пратаколу. Яе партнёрка па камандзе, якая выступае ў скачках у даўжыню, Анастасія Мірончык-Іванова таксама размясцілася на пятым месцы.
Беларускія лёгкаатлеткі заваявалі дзве срэбраныя ўзнагароды на турнірах у Францыі і Нямеччыне
Беларускія спартоўкі Крысціна Ціманоўская і Алена Пасечнік заваявалі дзве срэбраныя ўзнагароды на міжнародных турнірах па лёгкай атлетыцы, якія прайшлі ў Францыі і Нямеччыне. Крысціна Ціманоўская на спаборніцтвах Meeting Metz Moselle Athlelor прабегла дыстанцыю ў 60 м за 7,28 секунды і размясцілася на другой пазіцыі выніковага пратаколу.
Яшчэ адна беларуска, якая выступае ў штурханні ядра, Алена Пасечнік на спаборніцтвах у нямецкім Засніцэ таксама заваявала срэбраны медаль. Беларуска даслала снарад на 18 метраў.
Марына Слуцкая заваявала срэбра на турніры серыі „Вялікага шлема” ў Парыжы
Лідар нацыянальнай каманды Беларусі па дзюдо Марына Слуцкая ў вагавай катэгорыі звыш 78 кг заваявала срэбраную ўзнагароду на турніры серыі „Вялікага шлема”, які прайшоў у Парыжы. Беларуска перамагла ў чатырох паядынках, але ў фінальнай сутычцы саступіла францужанцы Раманэ Дзіко. Для беларускіх атлетаў цяпер стаіць мэта – зарабляць ачкі ў рэйтынг алімпійскай кваліфікацыі. Пакуль найбольшыя шанцы трапіць на Гульні-2020 у Дзмітрыя Шэршаня, Мікіты Свірыда і Марыны Слуцкай.
БГК імя Мяшкова перамог „Матор” ў матчы Лігі чэмпіёнаў
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог на выездзе ўкраінскі „Матор” з лікам 36:33 у матчы Лігі чэмпіёнаў. Самым выніковым у пераможцаў стаў Аляксандр Шкурынскі, у актыве якога 10 мячоў. У складзе ўкраінскага чэмпіёна вызначыліся беларускія гандбалісты: Барыс Пухоўскі закінуў 6 мячоў, у Максіма Бабічава 2 дакладных кідкі. Дзякуючы гэтай перамозе БГК набраў 6 ачкоў і сышоў з апошняга месца ў турнірнай табліцы групы В.
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” выйгралі ў маладэчанскага „Дынама” ў матчы чэмпіянату Беларусі
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” на вачах у рэкорднай аўдыторыі выйгралі хатні матч у маладэчанскага „Дынама” ў чэмпіянаце Беларусі. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Сяргея Пушкова з лікам 3:1. Паводле афіцыйных дадзеных, прынцыповы паядынак наведалі 2142 гледачы, што з’яўляецца рэкордам цяперашняга сезону ў чэмпіянаце Беларусі. Натуральна, такая шматлікая аўдыторыя чакала ад сваіх улюбёнцаў толькі перамогі. І хакеісты „Нёмана” не падвялі.
У турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі пасля 51-й гульні лідыруе „Юнацтва”, на рахунку якога 110 ачкоў. „Нёман” мае 104-ы пункты і займае другую пазіцыю. Тройку наймацнейшых замыкае салігорскі „Шахцёр”, у якога на рахунку 94 ачкі.
Сталі вядомыя супернікі зборнай Беларусі па хакеі па фінальным раўндзе алімпійскай кваліфікацыі
Сталі вядомыя супернікі зборнай Беларусі па хакеі па фінальным раўндзе алімпійскай кваліфікацыі да Гульняў-2022 у Пекіне. Як вядома, падначаленыя Міхаіла Захарава трапілі ў групу D і чакалі разам з камандамі Славакіі і Аўстрыі, якая з дружын папоўніць квартэт. У выніку, шчасліўчыкамі сталі палякі, якія не пусцілі далей трэцяга раўнда алімпійскага адбору фаварытаў з каманды Казахстана, якой кіруе беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Вырашальная сустрэча ў Нур-султане завяршылася на карысць зборнай Польшчы – 3:2.
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі абухоўскі „Легіён”
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі абухоўскі „Легіён” у 15-м туры чэмпіянату Беларусі з лікам 3:0. Акрамя паядынку ў Абухава, адбыліся яшчэ тры матчы чэмпіянату Беларусі. Сталічны „Будаўнік” у гасцях перамог „Барысаў-БДУФК” – 3:0. Гомельская „Энергія” не пакінула шанцаў віцебскаму „Марка-ВДТУ” – 3:0, а берасцейскі „Заходні Буг” адолеў „Камунальнік” з Магілёва – 3:0.
Валейбалісткі „Мінчанкі” перамаглі саратаўскі „Пратон” у хатнім матчы расейскай суперлігі
Валейбалісткі „Мінчанкі” на сваёй пляцоўцы перамаглі саратаўскі „Пратон”, колеры якога абараняе спартоўка зборнай Беларусі Вольга Паўлюкоўская, у матчы расейскай суперлігі з лікам 3:2. Пераможная серыя „Мінчанкі” склала пяць матчаў запар, калі лічыць поспехі на міжнароднай арэне. Беларускі клуб падняўся на 8-ы радок турнірнай табліцы расейскай суперлігі, апынуўшыся ў зоне плэй-оф.
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі Уніксу ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі 13-ю паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. Гуляючы ў Казані супраць аднаго з фаварытаў „банкаўскага” турніру, мінчане саступілі ва ўсіх кампанентах гульні. У складзе „цмокаў” самым выніковым стаў Бранка Міркавіч, які набраў 20 ачкоў. У 17 праведзеных сустрэчах падначаленыя Расціслава Вергуна святкавалі 4 вікторыі і па-ранейшаму знаходзяцца на апошнім, 13-м, месцы турнірнай табліцы Адзінай лігі ВТБ.
Ягор Герасімаў прайграў у фінале турніру ў індыйскай Пуне
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў пацярпеў паразу ў фінале турніру ў індыйскай Пуне з прызавым фондам 546 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку адзіночнага разраду беларуса абыграў чэшскі тэнісіст Іржы Вясёлы – 7:6, 5:7, 6:3. У фінале парнага разраду беларус Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Йонатан Эрліх прайгралі інданэзійска-шведскаму тандэму Крыстафер Рунгкат / Андрэ Горансан – 2:6, 6:3, 8:10.
Чатыры срэбра выйгралі беларускія гімнасткі ў заключны дзень этапу Гран-пры ў Маскве
У фіналах асобных відаў індывідуальных спаборніцтваў двойчы вызначылася Анастасія Салос, яшчэ два медалі на рахунку каманды ў групавых практыкаваннях. Стартавы ў алімпійскім сезоне этап Гран-пры праходзіў 7-9 лютага ў Палацы гімнастыкі Ірыны Вінэр-Усманавай у Маскве і сабраў грацый з 37 краін.
«Інтэр» перамог «Мілан»
У матчы 23-га тура чэмпіянату Італіі «Інтэр» абыграў «Мілан» з лікам 4:2.
На галы Антэ Рэбіча і Златана Ібрагімавіча «Інтэр» адказаў дакладнымі ўдарамі Марсэла Брозавіча, Маціяса Весіна, Стэфана дэ Врэя і Рамэлу Лукаку. «Барселона» святкавала валявую перамогу над «Бецісам» 3:2 у чэмпіянаце Іспаніі. Месі аддаў тры галявыя перадачы. За дзве жоўтыя карткі былі выдаленыя Фекір і Лангле.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя