Аляксандр Андрыеўскі прызначаны галоўным трэнерам ХК „Дынама-Мінск”
Беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі прызначаны галоўным трэнерам хакейнага клуба „Дынама-Мінск”.
За кар’еру іграка Аляксандр Андрыеўскі шмат сезонаў запар быў лідарам і капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі, дзевяць сезонаў правёў у менскім „Дынама”. У яго паслужным спісе таксама клубы ЗША, Фінляндыі, Італіі, Германіі і Расеі. Ён першы з беларусаў выступіў у клубе НХЛ „Чыкага”.
Трэнерскую работу Аляксандр Андрыеўскі пачаў таксама ў дынамаўскім у клубе ў сезоне 2006/2007, узначальваў маладзёжную зборную Беларусі і ХК „Гомель”. У сезоне 2008/2009 пасля адстаўкі Глена Хэнлана ўзначаліў менскае „Дынама”. Пад яго кіраўніцтвам „зубры” выйгралі Кубак Шпенглера ў 2009 годзе. У КХЛ ён таксама ўзначальваў „Адмірал” з Уладзівастока, а ў мінулым сезоне трэніраваў „Сібір”.
„У спісе кандыдатаў на пасаду настаўніка „Дынама” значылася амаль дзесяць чалавек. Са свабодных на гэты момант беларускіх трэнераў найбольшы вопыт работы ў КХЛ мае якраз Аляксандр Андрыеўскі. Ён двойчы выводзіў у плэй-оф „Адмірал”, а ў мінулым сезоне істотна палепшыў гульню „Сібіры”, якая, нягледзячы на правальны старт, далей змагалася за тое, каб трапіць у васьмёрку мацнейшых. Да таго ж Андрыеўскі ўжо адбыўся як трэнер і добра ведае спецыфіку нашага хакея. З ім клуб звязвае надзеі на якасны прагрэс у гульні і, вядома ж, выхад у плэй-оф”, – расказаў генеральны дырэктар „Дынама-Мінск” Дзмітрый Баскаў.
У бліжэйшы час сумесна з кіраўніцтвам Аляксандр Андрыеўскі сфарміруе свой трэнерскі штаб.