Аляксандр Гуштын стаў срэбраным прызёрам асабістага КС па барацьбе



Беларус Аляксандр Гуштын стаў срэбраным прызёрам асабістага Кубка свету па вольнай барацьбе Лёс залатога медаля турніру павінен быў вырашыцца ў сутычцы беларуса з алімпійскім чэмпіёнам Абдулрашыдам Садулаевым з Расеі. Аднак, спартовец з Гарадзенскай вобласці адмовіўся ад паядынку з-за траўмы і стаў уладальнікам срэбранай узнагароды. Акрамя срэбра Аляксандра Гуштына на рахунку беларускіх „вольнікаў” у заключны дзень спаборніцтваў, бронзавы медаль Магамедхабіба Кадзімагамедава ў вазе 79 кг.

Цяжкаатлет Дзмітрый Ходас стаў Заслужаным майстрам спорту Беларусі

Беларускі цяжкаатлет Дзмітрый Ходас атрымаў званне Заслужанага майстра спорту Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У снежні мінулага года 16-гадовы Ходас выступаў на юнацкім чэмпіянаце Еўропы. Беларус заваяваў бронзу ў двубор’і, аднак атрымаў страшную траўму: юны атлет не справіўся з вагой у апошняй спробе, і штанга ўпала яму на спіну, пашкодзіўшы пазваночнік. У выніку, ніжняя частка цела спартоўца была паралізаваная.

Тырыль Экхаф выйграла спрынт

Нарвежская біятланістка Тырыль Экхаф выйграла спрынтарскую гонку на этапе Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцэне. Дыстанцыю 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі скандынаўка прабегла за 19 хвілін 38 секунд, дапусціўшы пры гэтым адзін промах. Другое месца заняла яе суайчынніца Інгрыд Ландмарк Тандрэвольд, якая ні разу не прамазала, але саступіла 7,6 секунд. Замкнула тройку наймацнейшых яшчэ адна прадстаўніца паўночнай краіны Марце Олсбю Ройсэлан. Яна была недакладная на агнявых рубяжах адзін раз і прыйшла да фінішу пазней пераможцы на 24,61 секунды. Лепшая з беларусак Алена Кручынкіна сёмая. Яна фінішавала на 37,2 секунды пазней за Тырыль Экхаф, не дапусціўшы хібаў падчас стральбы.

«Легія» сенсацыйна прайграла «Сталі Мелец»

Сенсацыйная параза варшаўскай „Легіі” у 14-м туры польскай футбольнай экстракласы. Чэмпіён Польшчы саступіў у гульні супраць пачаткоўца вышэйшага дывізіёна „Сталі Мелец” з лікам 2:3. Каманда пад кіраўніцтвам трэнера Лешака Айжынскега забіла ўсе галы з пенальці. Не такога заканчэння году чакаў галоўны трэнер «Легіі» Чэслаў Міхневіч, для якога гэта першая параза на пасадзе трэнера варшаўскай каманды. Дортмундская „Барусія” таксама нечакана пацярпела паразу ад „Уніана” у выязным матчы 13-га тура чэмпіянату Нямеччыны – 1:2. Адзіны мяч „чмялёў” на рахунку Юсуфа Мукока. 16-гадовы футбаліст стаў самым маладым аўтарам гола ў гісторыі бундэслігі.

„Манчэстар Сіці” мае намер прадаць Аляксандра Зінчанку

Украінскі абаронца Аляксандр Зінчанка можа пакінуць „Манчэстар Сіці”.

„Гараджане” гатовыя разгледзець прапановы па трансферу Зінчанкі ў студзені, хоць і не спяшаюцца скасаваць кантракт з гульцом. Паведамляецца, што галоўны трэнер „Ман Сіці” Хасэп Гвардыёла паведаміў Зінчанку, што ён можа застацца і пазмагацца за месца ў стартавым складзе, аднак не прадаставіў ніякіх гарантый. Цікавасць да Зінчанкі праяўляюць англійскія „Вулверхэмптан”, „Саўтгэмптан”, „Лестэр” і „Вест Хэм”, а таксама клубы з Расіі, Італіі, Іспаніі і Нямеччыны. Паведамляецца, што „Манчэстар Сіці” ужо назваў клубам суму, за якую гатовы адпусціць гульца. У гэтым сезоне Зінчанка прыняў удзел у пяці матчах ва ўсіх турнірах на клубным узроўні. Пагадненне ўкраінскага футбаліста з „Манчэстар Сіці” разлічана да чэрвеня 2024 года.

Юрый Шаўцоў атрымаў званне заслужанага трэнера Беларусі

Настаўнік мужчынскай нацыянальнай каманды Юрый Шаўцоў атрымаў званне заслужанага трэнера Беларусі. Падчас гульнявой кар’еры Шаўцоў станавіўся чэмпіёнам свету і выйграваў алімпійскае золата ў складзе зборнай СССР. З мінскім СКА тройчы перамагаў у Кубку чэмпіёнаў. У 2009 годзе ён стаў за руля зборнай Беларусі. За гэты час Юры Шаўцоў выступіў з камандай на трох чэмпіянатах свету. Чацвёрты ў студзені ў Егіпце. Таксама спецыяліст чатыры разы выводзіў зборную на чэмпіянат Еўропы.

Французскія гандбалісткі выйшлі ў фінал на чэмпіянаце Еўропы

Дзеючыя чэмпіёнкі Еўропы гандбалісткі зборнай Францыі сталі першымі фіналісткамі 14-га кантынентальнага першынства, якое працягваецца ў Даніі. У першым паўфінальным матчы францужанкі не пакінулі шанцаў на поспех харвацкім спартоўкам, перамогшы з лікам 30:19. Супернік французскай дружыны вызначыцца пасля сустрэчы гаспадынь турніру датчанак і каманды Нарвегіі, якая святкавала вікторыі ва ўсіх шасці папярэдніх паядынках. Таксама ў матчы за пятае месца расійскія гандбалісткі ўпэўнена перайгралі дзеючага чэмпіёна планеты каманду Нідэрландаў – 33:27.

Беларускае Радыё Рацыя