Аляксандр Каляда: З папярэдняга складу „Дынама” не застанецца нікога



Старшыня праўлення ГА „Дынама-Брэст” Аляксандр Каляда распавёў, што пасля вяртання клуба „пад крыло” грамадскага аб’яднання фінансавыя апетыты прыйдзецца сур’ёзна прыцішыць.

«У нас будзе абсалютна новая каманда. З папярэдняга складу не застанецца нікога. Будзем аб’ектыўныя: фінансавыя запыты такіх гульцоў, як Бакай і Хачарыдзі, у наступным сезоне нам не па зубах. Па той інфармацыі, якая паступае з іншых клубаў, я магу выказаць здагадку, што бюджэт „Дынама” будзе на роўні 9-10-й каманды ў чэмпіянаце. Будучы сезон мы разглядаем як этап станаўлення. Гэта будзе маладая і забіяцкая каманда, якая будзе гуляць у цікавы футбол», – распавёў Аляксандр Каляда „Вячэрняму Брэсту”.

На “Australian Open” згуляюць Сабаленка, Азаранка, Сасновіч і Герасімаў

У асноўнай сетцы жаночага турніру „Australian Open”, які пройдзе з 8 па 21 лютага, значацца тры беларускі – Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч. Яшчэ адна наша суайчынніца – Вольга Гаварцова – мае шанец прабіцца на гэтыя спаборніцтвы праз кваліфікацыйны турнір, які пройдзе з 10 па 13 студзеня ў Дубаі. У старт-лісце мужчынскай часткі „Australian Open” Беларусь прадставіць Ягор Герасімаў. Ілля Івашка – чацвёрты ў „спісе чакання”.

Дзмітрый Бага, верагодна, пакіне БАТЭ

Беларускі паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Бага можа пакінуць каманду ў цяперашняе міжсезонне. У гульца мінае тэрмін дзеяння кантракту. У паслугах Багі зацікаўлены клубы Кіпра, Грэцыі, Расеі і латвійская „Ліепая”, паведамляе журналіст Уладзіслаў Татур. „Ліепаяй” кіруе беларускі трэнер Дзмітрый Молаш.

Салігорскі „Шахцёр” зацікаўлены ў паслугах абаронцы казахстанскай „Астаны” Лукі Шымунавіча. 23-гадовы абаронца ў мінулым сезоне страціў месца ў асноўным складзе „Астаны”. У трансферы харвацкага абаронцы зацікаўлены галоўны трэнер „Шахцёра” Раман Грыгарчук, які раней працаваў з Шымунавічам ў „Астане”.

Мазаўская каманда адпраўляецца на „Дакар”

Экіпажы МАЗ-СПОРТаўта адпраўляюцца з Менска ў Джыду. Там 3 студзеня стартуе ралі-марафон „Дакар-2021”. У ралі возьмуць удзел пілоты Сяргей Вязовіч і Аляксей Вішнеўскі, штурманы Павел Гаранін і Максім Новікаў, механікі Антон Запарошчанка і Сяргей Сачук. У гэтым годзе ралі-марафон пройдзе ва ўмовах захавання розных абмежаванняў і дадатковых патрабаванняў з-за эпідэміі COVID-19. Так, гоначнікаў чакае 48-гадзінная самаізаляцыя пад медыцынскім наглядам, пасля чаго экіпажы змогуць прайсці тэхнічныя праверкі. На ралі-рэйд заяўлена больш за 40 экіпажаў у класе грузавікоў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vb.by