Аляксандр Карніцкі ўключаны ў зборную лепшых гульцоў чэмпіянату Вугоршчыны



Беларускі хаўбек „Мезекевешда” Аляксандр Карніцкі уключаны ў сімвалічную зборную лепшых гульцоў чэмпіянату Вугоршчыны-2019/20 па дадзеных Instat. Цікава, што ў каманду, якую склаў партал m4sport.hu, трапіў толькі адзін вугорац – брамнік Дзенеш Дзібус. Астатнія вакансіі занялі легіянеры, у тым ліку і беларус Карніцкі. У мінулым сезоне Аляксандр правёў у чэмпіянаце Вугоршчыны 31 матч, забіў тры галы і аддаў дзве выніковыя перадачы. „Мезекевешд” фінішаваў на чацвёртай пазіцыі.

Даніла пакінуў менскае „Дынама”

Бразільскі паўабаронца Даніла пакінуў менскае „Дынама”.

Тэрмін пагаднення з футбалістам скончыўся, паведамляе прэс-служба клуба. Бразільскі паўабаронца стаў гульцом менскага клуба ў сакавіку 2019 года. У актыве Даніла 40 матчаў і 11 выніковых балаў (8 + 3).

Агучаная сярэдняя наведвальнасць чэмпіянату Беларусі

Сярэдняя наведвальнасць матчаў 15-га тура чэмпіянату Беларусі склала 1143 гледачоў на гульні, піша tribuna.com. Найбольшую колькасць гледачоў сабраў матч БАТЭ – «Дынама-Мінск» (4280). Горшая наведвальнасць тура была зафіксавана ў Маладэчне на матчы «Энергетык-БДУ» – «Славія» (200 гледачоў). Пасля першага круга сярэдняя наведвальнасць вышэйшай лігі складае 811 гледачоў на матчы. Гэта на 69 адсоткаў горш, чым у мінулым сезоне.

Нізкая наведвальнасць звязаная з эпідэміяй каронавіруса. Многія клубы рэкамендавалі заўзятарам не наведваць стадыёны, фанаты практычна ўсіх клубаў адмовіліся ад прагляду матчаў са стадыёнаў.

У табліцы наведвальнасці лідыруе берасцейскае «Дынама» – 2213. Далей ідзе БАТЭ – 1653. Горшая наведвальнасць у «Іслачы» – 330, і «Энергетыка-БДУ» – у сярэднім 349 гледачоў.

У «Прессбола» будзе новы галоўны рэдактар

У «Прессбола» з 1 ліпеня будзе новы галоўны рэдактар Дзмітрый Герчыкаў. Сяргей Кайко пакіне сваю пасаду. Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Прычына верагоднага сыходу Сяргея Кайко невядомая, але некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што наўпрост гэта не звязана з пятнічным выпускам з гульнёй слоў на першай паласе. На якой было напісана ў прыватнасці «Огонь погони. Нужен всем».  Сяргей Кайко займаў пасаду галоўнага рэдактара «Прессбола» больш за 6 гадоў – з 9 красавіка 2014 года. Пакуль ён не каментуе свой сыход. Зараз Зміцер Герчыкаў – каментатар «Беларусь 5», намеснік начальніка дэпартамента маркетынгу і камунікацый Беларускай федэрацыі футбола і галоўны рэдактар часопіса «Вялікі футбол». Герчыкаў пацвердзіў гэтую інфармацыю, таксама адзначыўшы, што пакіне федэрацыю футбола.

Вегас і Таронта з’яўляюцца галоўнымі кандыдатамі на правядзенне плэй-оф НХЛ

Лас-Вегас і Таронта з’яўляюцца фаварытамі ў барацьбе за права правесці матчы плэй-оф НХЛ цяперашняга сезону, паведамляе ў Twitter журналіст The Athletic Артуа Стэйпл.

Раней з’яўлялася інфармацыя, што рашэнне можа быць прынятае «сёння-заўтра». У ліку прэтэндэнтаў таксама застаюцца Эдмантан, Чыкага і Лос-Анджэлес. Чэмпіянат НХЛ быў прыпынены 13 сакавіка на нявызначаны тэрмін з-за сітуацыі з каронавірусам. Барацьбу за Кубак Стэнлі працягнуць 24 каманды, якія мелі найбольшы працэнт набраных ачкоў на момант аб’явы перапынку з-за пандэміі, адзначае sport-express.ru.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота football.by