Аляксандр Хацкевіч – новы трэнер зборнай Беларусі



Рашэннем выканаўчага камітэта Беларускай федэрацыі футбола Аляксандр Хацкевіч, які мае 41 год, прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай. Як мяркуе галоўны рэдактар спартовай газеты «Прессбол» Сяргей Кайко, адсутнасць досведу кіравання зборнымі ў Аляксандра Хацкевіча – зусім неабавязкова можа скончыцца правалам.

– Мы ведаем, якія плюсы, і мы ведаем, якія мінусы. Маладыя трэнеры, якія першы раз на такі ўзровень узыходзяць, яны таксама могуць дабівацца поспехаў. Далёка хадзіць не трэба, вось Ніка Ковач вельмі добра працуе з харватамі, хоць да зборнай ён практычна нідзе не працаваў. Калі казаць пра мінусы, многа прыкладаў, калі вопыту як раз і не хапала трэнерам. Таму я і гавару, што любы трэнер, якога сёння прызначаць, будзе сустрэты па прынцыпу – 50 на 50.

Пасада галоўнага трэнера зборнай Беларусі была вакантнай з 13-га кастрычніка, калі прынялі рашэнне пра адстаўку Георгія Кандрацьева. У матчах супраць зборных Гішпаніі і Мексікі абавязкі галоўнага трэнера выконваў Андрэй Зыгмантовіч. Аляксандр Хацкевіч гуляў за менскае і кіеўскае «Дынама», а таксама нядоўгі час у канцы гульнявой кар’еры – ў Кітаі і Латвіі.

Хацкевіч з’яўляецца чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі і сяміразовым чэмпіёнам Украіны. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі адыграў 38 матчаў і забіў чатыры галы. Двойчы прызнаваўся лепшым футбалістам Беларусі – у 1998 і 2000 гадах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

4 снежня быў прызначаны новы галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі – ім стаў Аляксандр Хацкевіч. На выканкаме футбольнай федэрацыі Беларусі за яго прагаласавалі 18 чалавек, 1 – устрымаўся, супраць не было.

41-гадовы спецыяліст раней узначальваў дубль кіеўскага „Дынама”. У розныя гады таксама працаваў з родным менскім „Дынамам”, „Віцебскам”, юнацкай зборнай Беларусі, у трэнерскім штабе зборнай Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя