Аляксандр Наёк ачуняў ад каронавіруса
Паўабаронца берасцейскага „Дынама” Аляксандр Наёк больш не хворы на каронавірус. Гулец, які ляжаў у лякарні, як паведамлялася, з пнеўманіяй, ужо не знаходзіцца там і нават не на самаізаляцыі.
Раней матч чэмпіёнаў краіны супраць „Славіі” у рамках 18-га тура перанесены на нявызначаны тэрмін.
Шахбоз Умараў папоўніць шэрагі БАТЭ
Узбекскі паўабаронца Шахбоз Умараў, які выступае за „Энергетык”-БДУ, пяройдзе ў БАТЭ, паведамляе афіцыйны сайт жоўта-сініх. 21-гадовы футбаліст можа папоўніць шэрагі БАТЭ ўжо ў ходзе другога адрэзка трансфернага перыяду (15-28 верасня). Калі ж барысаўскі клуб вырашыць не задзейнічаць дадзеную опцыю, то пераход адбудзецца 1 студзеня наступнага года. У гэтым сезоне Умараў правёў за „Энергетык” 17 матчаў, у якіх забіў 2 мячы.
Украінка Эліна Світоліна выйграла турнір у Берліне
Украінская тэнісістка Эліна Світоліна стала пераможцай выставачнага травянога турніру ў Берліне. У фінальным матчы яна перамагла чэшку Петру Квітаву з лікам 3:6, 6:1, 10:5. Турнір праходзіў з 13 па 15 ліпеня на травяным пакрыцці. З-за дажджу і наступлення цемры матчы за трэцяе месца былі адмененыя, а фінальны матч быў перанесены на крыты хардавы корт.
„Менск” стаў першым фіналістам чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве
ХК „Менск” першым выйшаў у фінал чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд. Каманда Сяргея Драздова другі раз абыграла суперніка па паўфінальнай серыі – СДзЮШАР ХК „Менск”-РЦАП з лікам 6:1. Першая гульня серыі завяршылася перамогай „Менска” з лікам 10:0. Супернік менчукоў па фінале стане вядомы ў матчы берасцейскага „Будаўніка” і ХК „Гомель”. Першы паядынак адбудзецца 25 ліпеня ў Берасці.
Таццяна Шаракова выйграла групавую гонку на этапе Кубка Беларусі па веласпорце на шашы
Таццяна Шаракова выйграла групавую гонку на этапе Кубка Беларусі па веласпорце на шашы, які праводзіцца ў рамках адкрытага чэмпіянату Гарадзенскай вобласці. Спартоўка з каманды Віцебскай вобласці хутчэй за суперніц пераадолела дыстанцыю 70 км. Срэбра заваявала Ганна Церах з Менска. Трэцяе месца заняла прадстаўніца Гомельскай вобласці Ганна Савенка. Для Таццяны Шараковай гэта другая залатая ўзнагарода на гэтых спаборніцтвах. Учора ёй не было роўных у гонцы з раздзельным стартам на 15 км.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ФК „Дынама-Брэст”