Аляксандр Пуціла: У нашых баскетбалістак вялікая канкурэнцыя
На алімпійскіх гульнях, адкрыццё якіх адбылося ноччу на бразільскім стадыёне Маракана, сёння ў барацьбу ўступяць 12 беларускіх спартоўцаў. Усе яны, за выключэннем шашэйных велагоншчыкаў Васіля Кірыенкі і Канстанціна Сіўцова, будуць спаборнічаць на папярэдніх стадыях. Вочы ж самых церпялівых беларускіх заўзятараў у гадзіну 45 ночы будуць скіраваны на тэлетрансляцыю матча беларускіх баскетбалістак, якія стартуюць на алімпіядзе гульнёй са зборнай Японіі. Шанцы беларусак на алімпійскім турніры ацэньвае спартовы аглядальнік тэлеканала „Белсат” Аляксандр Пуціла.
– І складаныя матчы будуць, і будзе, зразумела, расчараванне, будуць варынты валідольных канцовак, як гэта робіць звычайна наша нацыянальная жаночая каманда. Медалёў, нават выхад у паўфінал, ёй не прадказваюць, бо высокая канкурэнцыя, і нашыя дзяўчыты, на дадзены момант, да яе не гатовыя. Выканаўшы галоўную задачу – выйсці на Алімпійскія гульні ў Рыа, яны, як мне падаецца, на тым пакуль і супакоіліся, бо была вельмі цяжкая кваліфікацыя.
Сёння ў Рыа дэ Жанэйра будзе разыграна 12 камплектаў медалёў у спаборніцтвах па стральбе з лука, плаванні, дзюдо, цяжкай атлетыцы, кулявой стральбе і фехтаванні. Нагадаем, беларусы ў гэтых дысцыплінах выступаць не будуць.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя