Аляксандр Усік у Маскве перамог Мурата Гасіева
Украінскі баксёр Аляксандр Усік стаў абсалютным чэмпіёнам свету ў першай цяжкай вазе. У фінальным паядынку ў Маскве ён упэўнена перамог прадстаўніка Расеі Мурата Гасіева. Для Гасіева гэтая параза стала першай у кар’еры. Усік на прафесійным рынгу дамогся 15 вікторый у 15 паядынках.
Асецінец Гасіеў пратрымаўся ўсе 12 раўндаў фінальнага бою, але перавага ўкраінскага баксёра была вельмі яскравай. Бой у маскоўскім „Алімпійскім” прайшоў без эксцэсаў і ў дастаткова джэнтльменскім спаборы. Перад боем букмекеры лічылі фаварытам Гасіева.
Арбітры аднагалосна прысудзілі перамогу ўкраінцу – 120-108, 119-109 и 119-109.
Такім чынам Аляксандр Усік стаў уладальнікам усіх чатырох пасаў (WBA, WBC, IBF і WBO) чэмпіёна свету ў першай цяжкай вазе, а таксама атрымаў Кубак імя Махамеда Алі, які разыгрываўся ўпершыню. Галоўную ўзнагароду турніра яму ўручыла ўдава знакамітага баксёра. Цікава, што Усік нарадзіўся ў адзін дзень з Махамедам Алі.
Беларускае Радыё Рацыя