Аляксандр Вахавяк перамог у закрытых спаборніцтвах па дзюдо ў Менску
Аляксандр Вахавяк перамог у спаборніцтвах па дзюдо, якія прайшлі ў закрытым фармаце на „Чыжоўка-Арэне” ў Менску. У фінальным паядынку Аляксандр адолеў Ягора Варапаева і стаў пераможцам.
Бронзавыя медалі заваявалі Мікіта Свірыд і Віктар Кляусаў. З меркаванняў бяспекі спаборніцтвы прайшлі ў абсалютнай вагавай катэгорыі, удзельнічаць у іх маглі толькі чальцы нацыянальнай каманды Беларусі па дзюдо. Як адзначаў раней старшы трэнер па развіцці нацыянальнай каманды, генеральны сакратар Беларускай федэрацыі дзюдо Руслан Шарапаў, нацыянальная каманда цяпер узмоцнена рыхтуецца да класіфікацыйных турніраў, на якіх неабходна заваёўваць ачкі ў алімпійскі рэйтынг. Актыўны спаборніцкі перыяд папярэдне запланаваны ў беларускіх дзюдаістаў на восень. 8-10 лістапада ў Празе плануецца чэмпіянат Еўропы па дзюдо, які павінен быў прайсці з 30 красавіка па 3 траўня, але з-за пандэміі каронавіруса быў перанесены.
Лепшы бамбардзір чэмпіянату Казахстана Павел Развадоўскі вярнуўся ў „Юнацтва”
Нападнік Павел Развадоўскі вярнуўся ў сталічнае „Юнацтва”, паведамляе прэс-служба клуба. У мінулым сезоне Развадоўскі стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату Казахстана ў складзе „Іртыша”. У 60 матчах ён набраў 56 (23 + 33) балаў пры паказчыку карыснасці „+36”.
За кар’еру ў экстралізе згуляў 473 матчы ў складзе „Юнацтва”, бабруйскага „Шынніка” і салігорскага „Шахцёра” і набраў 394 (177 + 219) ачкі. У сезоне-2015/16 быў прызнаны лепшым нападнікам чэмпіянату краіны. Двухразовы чэмпіён Беларусі (2016, 2019), удзельнік чэмпіянату свету-2018 у складзе нацыянальнай зборнай.
Віктар Ганчарэнка вярнуўся ў Расею
Галоўны трэнер ЦСКА Віктар Ганчарэнка вярнуўся ў Маскву з Беларусі, дзе ён знаходзіўся з сакавіка, пасля прыпынення чэмпіянату Расеі з-за пандэміі каронавіруса. Вяртанне 42-гадовага беларускага трэнера ў сталіцу Расеі адбылося 18 траўня. 17 траўня ўрад Расеі зняў абмежаванне на вяртанне замежных спартоўцаў і трэнераў. Але яны абавязаны прайсці 14-дзённы каранцін. Аднаўленне сезона-2019/20 у Расеі запланавана на 21 чэрвеня. У першым матчы пасля рэстарту чэмпіянату ЦСКА павінен згуляць на сваім полі супраць „Зеніта”.
Валянцін Бялькевіч – лепшы беларус у гісторыі чэмпіянатаў Украіны
Партал Sport склаў топ-10 лепшых беларускіх гульцоў у гісторыі чэмпіянатаў Украіны па футболе. На першым месцы апынуўся хаўбек Валянцін Бялькевіч, у 1996-2007 гадах ён выступаў за кіеўскае „Дынама”. „Бялькевіч валодаў унікальным для нашых шырот уменнем бачыць поле, пралічваць развіццё падзей на тры крокі наперад, зрабіць унікальную па дакладнасці і прыгажосці перадачу. А яшчэ па-майстэрску выконваў штрафныя ўдары”, – гаворыцца ў матэрыяле. На другім радку Аляксандр Хацкевіч, трэці – былы футбаліст „Дынама” і „Дняпра” Сяргей Карніленка.
As: Лігу чэмпіёнаў згуляюць у фармаце „фіналу чатырох” у Стамбуле
Розыгрыш Лігі чэмпіёнаў-2019/20, прыпынены з-за пандэміі каронавіруса, можа быць дагуляны ў фармаце „фіналу чатырох”, які пройдзе ў Стамбуле. Паводле інфармацыі іспанскага выдання As, чвэрцьфінальная стадыя турніру будзе складацца з аднаго матчу, а затым чатыры лепшыя каманды вызначаць пераможцу ў фармаце „фіналу чатырох”. Падобны фармат таксама прапанаваны і для завяршэння Лігі Еўропы, вырашальны матч якой павінен прайсці ў Гданьску. Паведамляецца, што гэтая прапанова мае найбольшую падтрымку ўсіх бакоў. Згодна з праектам календара, матчы Лігі Еўропы адновяцца 6 жніўня, а Лігі чэмпіёнаў – 8 жніўня.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА