Аляксандра Герасіменя прадала залаты медаль ЧС за 16 100 даляраў
Прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні і кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя прадала на інтэрнэт-аўкцыёне eBay залаты медаль чэмпіянату свету 2012 года ў Турцыі.
У фінальным заплыве на 50 метраў вольным стылем Аляксандра выйграла з нацыянальным рэкордам. Стартавая цана лота была 3000 даляраў. За час таргоў кошт падняўся да 16100. Сродкі ад продажу медаля Аляксандра пералічыць у Беларускі фонд спартовай салідарнасці для дапамогі спартоўцам.
Алімбекава ўвайшла ў топ-10 біятланістак па заробленым прызавым ў сезоне-2020/21
Беларуска Дынара Алімбекава зарабіла ў мінулым сезоне 126 750 эўра прызавых і займае восьмае месца ў адпаведным рэестры. На першай жа пазіцыі нарвежская спартоўка Цірыл Экхаф, у актыве якой 386 000 еўра.
Юрый Чух пакіне польскую „Энергію”, якую ўзначальваў чатыры сезоны
Беларускі настаўнік Юры Чух пакіне польскую „Энергію” з горада Торунь, – інфармуе „Беларускі Хакей”. У мінулым сезоне клуб пад кіраўніцтвам гэтага спецыяліста заняў трэцяе месца ў „рэгулярцы”, аднак у плэй-оф не пераадолеў бар’ер першага раунда. У накаўт-раўндзе „Энергія” саступіла будучаму фіналісту „Комарх Краковіі” (Кракаў) з лікам 2-4 у серыі. Чух узначальваў „Энергію” апошнія чатыры сезоны.
Спаборніцтвы па крос-трыятлоне і паўмарафон плануюць правесці летам у Берасці
У Берасці летам плануюць правесці спаборніцтвы па крос-трыятлоне і лёгкаатлетычны паўмарафон. Рэгістрацыя на абодва мерапрыемствы адкрываецца 15 красавіка. 3 ліпеня ў Берасці плануюць правесці спаборніцтвы па крос-трыятлоне. Удзельнікам прапануюць праплысці 500 м у адкрытай вадзе, праехаць 10 км па перасечанай мясцовасці на ровары і ў завяршэнні прабегчы 3 км. Лакацыяй выбраны ўчастак Мухаўца каля выратавальнай станцыі, а таксама ўзбярэжжа ракі. А на 4 ліпеня намечаны Берасцейскі паўмарафон. Яго ўдзельнікі змогуць прабегчы 5 км, 10 км і 21 км 97,5 м.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фото: ebay.com