Аляксандра Герасіменя: У камандзе была не вельмі здаровая атмасфера



Бронзавы прызёр Алімпіяды-2016 плыўчыха Аляксандра Герасіменя ацаніла сваё выступленне на Гульнях, а таксама распавяла пра асабістае.

герасіменя

Алімпійскую “бронзу” беларуская “залатая рыбка” ацаніла як станоўчы вынік:

“Натуральна, хацелася быць першай, але ж ёсць і медаль, і ўласны рэкорд. Гэта, на мой погляд, таксама прыстойны вынік. Хаця шкада, што да “золата” не хапіла ўсяго чатыры сотыя секунды. Такую розніцу нават немагчыма заўважыць няўзброеным вокам, і, калі б былі старыя хранометры, то яшчэ невядома, як бы размеркаваўся медалёвы п’едэстал”.

Увогуле, беларускія плыўцы не вельмі добра выступілі на гэтых Гульнях, але, на думку Аляксандры, тут паўплываў і канфлікт спартоўцаў з галоўным трэнерам зборнай Дзмітрыем Манцэвічам.

“У камандзе была не вельмі здаровая атмасфера, – распавяла яна. – Так, нашы плыўцы выступілі не вельмі ўдала, усе перажывалі, бо перад Гульнямі паказвалі куды лепшыя вынікі. Але атрымаўся правал. І на гэта, магчыма, якраз і паўплывала нервовая абстаноўка і канфлікты з трэнерам. Мой бронзавы медаль ніякім чынам не паўплываў на тое, што я падняла гэтую праблему, бо ўзняла б яе ў любым выпадку. Пытанне трэба вырашаць. А я перажываю за ўсю каманду”.

Запыталі ў спартоўкі і пра асабістае жыццё, бо яшчэ да Гульняў Аляксандра анансавала сваё вяселле з плыўцом са зборнай Беларусі Яўгенам Цуркіным.

“Мой хлопец Яўген Цуркін некалькі месяцаў таму падарыў мне залаты пярсёнак і зрабіў прапанову, – не хавала спартоўка. – Але ў вісакосны год вяселле рабіць не будзем. Можа быць, у наступным. Пакуль жа планую выступіць на чэмпіянаце свету, які пройдзе ўжо праз некалькі месяцаў”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара