Аляксандра Герасіменя выказала спачуванні сям’і Рамана Бандарэнкі
Тытулаваная беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя адрэагавала на смерць менчука Рамана Бандарэнкі.
„Ад усёй спартовай супольнасці выказваю спачуванні сям’і Рамана Бандарэнкі. Ушануем памяць Народнага героя Беларусі хвілінай маўчання. Забойства забыцца нельга, дараваць – немагчыма. Вечная памяць …” – сказала Герасіменя ў відэароліку на сваёй старонцы ў Інстаграме.
Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Амур” ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі хабараўскі „Амур” у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася з лікам 2:1. У першым перыядзе дынамаўцы выглядалі больш упэўнена за супернікаў. Яны часцей і вастрэй атакавалі. Гульцы „Амура”, спрабуючы збіць наступальны парыў менчукоў, парушалі правілы, з-за гэтага часта гулялі ў меншасці.
Аднак лік адкрылі менавіта гаспадары. На сёмай хвіліне матчу вызначыўся Уладзімір Бутузаў. Праўда, вялі ў ліку „амураўцы” нядоўга. Праз хвіліну Брэндан Козун завяршыў дакладным кідком камбінацыю, распачатую Брэнанам Менелам і Раянам Спунэрам. Да гэтага моманту „зубры” гулялі ў большасці.
У другім перыядзе гульня выраўнялася. Варта адзначыць беспамылковую гульню Дамініка Фурха, таму да другога перапынку лік не змяніўся. У трэцім перыядзе „Амур” валодаў перавагай, аднак хакеісты далёкаўсходняй каманды дзейнічалі некалькі акадэмічна, і іх хады ў атацы лёгка чыталіся менчукамі. У той жа самы час „зубры” востра контратакавалі. У адным з такіх момантаў Шэйн Прынс вывеў менскую дружыну наперад. „Тыгры” здавацца не збіраліся, узмацніўшы націск на брамку Дамініка Фурха, але фінальны навал „тыграў” не даў выніку.
Далей „зубры” адправяцца ў Нур-Султан, дзе ім 15 лістапада будзе супрацьстаяць мясцовы „Барыс”.
Вызначыліся ўсе ўдзельнікі фінальнай стадыі футбольнага чэмпіянату Еўропы
Пасля вырашальных паядынкаў кваліфікацыі сталі вядомыя ўсе 24 удзельнікі фінальнага турніру футбольнага чэмпіянату Еўропы. Упершыню ў фінальную частку кантынентальнага першынства прабіліся футбалісты зборнай Паўночнай Македоніі, якія перамаглі ў Тбілісі каманду Грузіі з мінімальнай перавагай – 1:0. У паўфінале кваліфікацыі грузінскія футбалісты з такім вынікам абыгралі беларусаў. У фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы зборная Паўночнай Македоніі выступіць у групе С разам з камандамі Нідэрландаў, Аўстрыі і Украіны.
У Будапешце зборная Вугоршчыны саступала камандзе Ісландыі з 11-й хвіліны гульні, але ў самым канцы сустрэчы здолела не толькі зраўняць лік, але і вырваць перамогу – 2:1. Вугорцы трапілі ў групу F, дзе іх чакаюць дзеючы чэмпіён свету Францыя, чэмпіён Еўропы Партугалія і адна з наймацнейшых каманд планеты Нямеччына.
У Белфасце зборная Славакіі вырвала перамогу ў каманды Паўночнай Ірландыі ў дадатковы час – 2:1. Славакі згуляюць у групе Е з футбалістам Іспаніі, Швецыі і Польшчы.
У Бялградзе справа дайшла да серыі пасляматчавых пенальці, у якой футбалісты Шатландыі адолелі сербаў. Пасля асноўнага і дадатковага часу была нічыя – 1:1, а пенальці лепш прабілі шатландцы – 5:4. У фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы яны згуляюць у групе D разам са зборнымі Англіі, Чэхіі і Харватыі.
Склады астатніх квартэтаў еўрапейскага першынства: група А – Італія, Швейцарыя, Уэльс, Турцыя; В – Данія, Бельгія, Фінлянды і Расея.
Беларуска Арына Сабаленка сёння згуляе матч 1/4 фіналу турніру ў аўстрыйскім Лінцы
Беларуска Арына Сабаленка (11-ы нумар рэйтынгу ВТА) сёння згуляе матч 1/4 фіналу турніру ў аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. Наша суайчынніца будзе супернічаць з прадстаўніцай Францыі Осеан Додэн, якая мае 115 месца ў сусветным рэйтынгу. Пачатак сустрэчы ў 21.00.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа