Аляксандра Герасіменя звярнулася да міжнароднай спартыўнай супольнасці



Беларуская спартоўка, прызёрка Алімпійскі гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні Аляксандра Герасіменя звярнулася да міжнароднай спартыўнай супольнасці і калег-спартоўцаў. Зварот размешчаны ў Фэйсбуку. У ім між іншым адзначаецца, што ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі народ масава пратэстуе супраць дыктатуры, і мірныя пратэсты адбываюцца па ўсёй краіне. Пры гэтым сотні людзей пацярпелі ад гвалту з боку праваахоўных органаў. Спартоўцаў і работнікаў спартыўнай галіны прымушаюць маўчаць, за выказванне грамадзянскай пазіцыі людзей звальняюць, а спартоўцаў выключаюць са складу нацыянальнай каманды.

“Цяпер як ніколі раней для нас важная міжнародная салідарнасць”, – піша Герасіменя. Яна заклікае гаварыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Таксама яна выставіла на аўкцыён свой касцюм з цырымоніі ўзнагароджання на Алімпіядзе ў Рыё-2016 і фотаздымак з аўтографам. Грошы з аўкцыёну трапяць у Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: з адкрытых крыніц