Аляксандра Раманоўская выйграла срэбра на этапе Кубка свету
Беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская выйграла другое срэбра на этапе Кубка свету па лыжнай акрабатыцы ў Кітаі. Медаль спартоўцы прынесла адзнака 97,77 бала. Другое золата запар на хатнім этапе Кубка свету выйграла кітаянка Сю Мэнтао. Што тычацца астатніх беларускіх удзельніц Кубка свету, то Ганна Гуськова заняла 9-е месца, а Ала Цупер завяршыла турнір на 14-й пазіцыі выніковага пратакола.
Ірына Крыўко заняла 21-е месца ў мас-старце на этапе Кубка свету ў Францыі
Беларуская біятланістка Ірына Крыўко заняла 21-е месца ў мас-старце на этапе Кубка свету, які завяршыўся ў Францыі. Дыстанцыю ў 12,5 км беларуска прайшла на 3 хвіліны 29,7 секунды павольней за пераможцу і з трыма промахамі. Золата выйграла нарвежка Тырыль Экхаф. Срэбра заваявала італьянка Даратэя Вірэр. Раней у гонцы з масавым стартам у мужчын перамогу святкаваў нарвежац Ёханэс Бё. Другое месца ў француза Эміля Жаклена. Замкнуў тройку наймацнейшых яшчэ адзін нарвежац Тар’е Бё. Беларускія біятланісты ў дадзеным выглядзе праграмы не выступалі.
Аляксандра Сасновіч прайграла ў фінале тэніснага турніру ў Ліможы
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пацярпела паразу ў фінале турніру ў французскім Ліможы. У вырашальным паядынку беларуска, якая займае 67-е месца ў сусветным рэйтынгу, менш чым за гадзіну саступіла ў двух сэтах расейскай тэнісістцы Кацярыне Аляксандравай, у якой 42-я пазіцыя – 1:6, 3:6.
«Шахцёр» другі год запар стаў уладальнікам Кубка Беларусі па валейболе
Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» абыгралі ў фінальным матчы Кубка Беларусі менскі «Будаўнік» з лікам 3:2 і другі год запар сталі ўладальнікамі ганаровага трафея. Акрамя фіналу адбыўся і матч за трэцяе месца. Бронзу ва ўпартым супрацьборстве выйграла гомельская «Энергія», якая перамагла «Заходні Буг» – 3:2.
Бос берасцейскага «Дынама» мае намер прадаць клуб. Прэс-служба абвяргае
Бос берасцейскага «Дынама» Аляксандр Зайцаў заявіў, што мае намер прадаць клуб і засяродзіцца на клубе «Рух», які выйшаў у вышэйшую лігу, паведамляе «Медыя-Палессе». Неўзабаве інфармацыю выдалілі з сайта. – Інфармацыя аб тым, што Зайцаў пакідае «Дынама-Брэст», не адпавядае рэчаіснасці і зʼяўляецца чыстай правакацыяй. Мы разбіраемся з першакрыніцай, і ў прыватнасці з аўтарам гэтай навіны. Нагадаем, раней бос «Дынама-Брэст» ужо прызнаваўся ў сімпатыях да «Руху». Берасцейскае «Дынама» ў мінулым сезоне ўпершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам Беларусі, а «Рух» праз стыкавыя матчы прабіўся ў вышэйшую лігу.
«Рэал» на сваім полі згуляў унічыю з «Атлетыка»
У матчы 18-га тура іспанскай «Прымеры» мадрыдскі «Рэал» прымаў «Атлетык» з Більбао. Сустрэча адбылася ў Мадрыдзе на стадыёне «Санцьяга Бернабэу» і завяршылася з лікам 0:0. Для «Рэала» гэтая нічыя стала ўжо трэцяй запар у чэмпіянаце Іспаніі. Раней «сметанковыя» на выездзе падзялілі ачкі з каталонскай «Барселонай» і «Валенсіяй». Пасля 18 тураў турнірную табліцу ўзначальвае «Барселона». «Рэал» займае другое месца. На стадыёне «Кінг Сауд» у Эр-Рыядзе, што ў Саудаўскай Аравіі, адбыўся матч за Суперкубак Італіі «Ювентус» – «Лацыё». Сустрэча завяршылася з лікам 3:1 на карысць рымскай каманды. «Лацыё» выйграў Суперкубак Італіі ў пяты раз у гісторыі. У матчы 18-га тура чэмпіянату Англіі «Уотфорд» сенсацыйна абыграў «Манчэстар Юнайтэд» з лікам 2:0. «Уотфорд», набраўшы 12 ачкоў, застаўся на апошнім, 20-м месцы ў турнірнай табліцы англійскай Прэмʼер-лігі. «Манчэстар Юнайтэд» – на 8-м месцы. У цэнтральным матчы «Тотэнхэм» прымаў «Чэлсі». Трэнер «шпор» Маурыньё прайграў свайму былому клубу з лікам 0:2. «Чэлсі» займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Англіі. У актыве каманды Фрэнка Лэмпарда 32 ачкі. «Тотэнхэм» – на 7-м месцы.
Беларускае Радыё Рацыя