Аляксандра Сасновіч абыграла чэмпіёнку „US Open” Эму Радукану



Беларуска Аляксандра Сасновіч (47 ВТА) прабілася ў трэці круг „Ралан Гарос”-2022. У другім раундзе яна перайграла прадстаўніцу Вялікабрытаніі Эму Радукану (12) — 3:6, 6:1, 6:1. На стадыі 1/16 фіналу „Ралан Гарос” беларуская тэнісістка сустрэнецца з немкай Ангелікай Кербер (17).

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу „Ралан Гарос”, адолеўшы ў двух сэтах немку Андрэа Петкавіч — 6:1, 7:6. На наступнай стадыі турніру беларуска згуляе са швейцаркай Жыль Тайхман (24 ВТА).

Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш – чэмпіёны Польшчы

Клуб „Віве Кельце”, колеры якога бароняць беларусы Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш, стаў чэмпіёнам Польшчы. Каманда пад кіраўніцтвам Таланта Дуйшабаева набрала 77 ачкоў у 26 матчах. Сярэбраныя медалі ў „Віслы” з Плоцка, бронза ў „Азоты-Пулавы”. Гандбалісты „Віве Кельце” 11-ы раз запар выйгралі чэмпіянат Польшчы ў мужчынскай суперлізе і 19-ы раз у сваёй гісторыі.

„Уімблдон” збіраецца судзіцца з АТП і ВТА з-за пазбаўлення рэйтынгавых ачкоў

Арганізатары „Уімблдона” прыступілі да разгляду магчымасці падачы пазову на АТП і ВТА, якія пазбавілі турнір рэйтынгавых ачкоў, паведамляе The Times, спасылаючыся на крыніцы. Раней АТП і ВТА прымянілі санкцыі да „Уімблдона” за тое, што арганізатары адхілілі ад спаборніцтваў расейскіх і беларускіх тэнісістаў. Паведамляецца, што размова ідзе аб магчымым парушэнні доўгатэрміновага пагаднення з боку АТП і ВТА. Пагадненне дазваляе арганізатарам „Уімблдона” налічваць рэйтынгавыя ачкі за выступленні на турніры. Таксама адзначаецца, што арганізатары астатніх мэйджараў, гэта значыць Australian Open, „Ралан Гарос” і US Open разглядаюць магчымасць падтрымкі „Уімблдона” ў гэтай справе.

Берасцейскае „Дынама” спыніла супрацоўніцтва з Сяргеем Кавальчуком

Футбольны клуб „Дынама-Берасце” задаволіў запыт галоўнага трэнера Сяргея Кавальчука аб спыненні супрацоўніцтва. Разам са спецыялістам каманду пакінулі два яго памочнікі Андрэй Пракапюк і Дзмітрый Мазалеўскі, – гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце клуба. Растанне з трэнерскім штабам адбылося пасля няўдалага старту сезона, дзе за першыя дзевяць тураў каманда пяць разоў прайграла і чатыры разы згуляла ўнічыю, што прывяло да перадапошняга месца ў турнірнай табліцы. Пошукі новага галоўнага трэнера „Дынама” працягваюцца і будуць завершаны да матча супраць БАТЭ, які адбудзецца 28 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © Twitter / @rolandgarros