Аляксандра Сасновіч пакінула турнір у Дубаі
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (114 ВТА) прайграла ў двух партыях францужанцы Крысціне Младэнавіч (38) у першым крузе асноўнай сеткі турніру ў Дубаі – 4:6, 3:6. Матч 1/16 фіналу доўжыўся 1 гадзіну 33 хвіліны.
Беларус Андрэй Васілеўскі ў пары з ізраільцянінам Ёнатанам Эрліхам прабіліся ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Марсэлі. У першым крузе яны ў двух сэтах былі мацнейшымі Хсі Чэн Пэна (Тайвань) і Дзяніса Малчанава (Украіна) – 7:6, 6:3. Наступнымі супернікамі Васілеўскага і Эрліха стануць другія сеяныя Уэс Колхаф (Нідэрланды) і Нікола Мекціч (Харватыя).
«Флінт» перамог 12:7, Яўген Аксянцюк аформіў дубль, Уладзіслаў Калячонак зарабіў «+6»
У рэгулярным чэмпіянаце Хакейнай лігі Антарыа (ОХЛ) «Флінт» перамог на выездзе «Сарнію» – 12:7. Беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак зарабіў «асіст» і «+6» у графу карыснасці. Цяпер у яго ў гэтым сезоне 31 ачко і «+20». У сваю чаргу, беларускі нападнік «Флінта» Яўген Аксянцюк закінуў у брамку «Сарніі» дзве шайбы і працягвае спрэчку з капітанам за званне найлепшага бамбардзіра «Файрбёрдз» у «рэгулярцы». Зараз у Яўгена 65 (28+37) ачкоў, у канадца – 67 (31+36) балаў.
Беларуска Ірына Жук у скачку з шастом стала другой на турніры ў Францыі
Беларуска Ірына Жук, якая выступае ў скачку з шастом, заняла другое месца на міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы ў Францыі. Лепшы вынік паказала францужанка Нінон Гюён-Рамарэн. Замкнула тройку лідараў чэшская спартоўка Рамана Малачова. Яшчэ адна беларуска Крысціна Ціманоўская ў бегу на 60 м паказала трэці час. Лепшай стала прадстаўніца Гамбіі Джына Бас, другой – францужанка Сінція Ледук.
Больш за 26 тысяч білетаў прададзена на матч плэй-оф Лігі нацый паміж футбалістамі Беларусі і Грузіі
На матч плэй-оф Лігі нацый паміж футбалістамі зборных Беларусі і Грузіі прададзена ўжо больш за 26 тыс. білетаў. Паводле звестак арганізатараў, заўзятары актыўна раскупляюць квіткі і цалкам магчыма, што 26 сакавіка на трыбунах тбіліскай «Дынама-Арэны», якія месцяць 55 тыс. гледачоў, будзе аншлаг. Згодна з квотай УЕФА, для беларускіх фанатаў выдзелена крыху больш за 2 тыс. квіткоў, кошт якіх усяго Br5. Іх можна набыць на сайце ticketpro.by. Пераможца сустрэчы паміж грузінскімі і беларускімі футбалістамі 31 сакавіка на сваім полі паспрачаецца за пуцёўку на Еўра-2020 з пераможцам матчу Паўночная Македонія – Косава.
Беларускае Радыё Рацыя