Аляксандра Сасновіч перамагла Ану Богдан на турніры ў Санкт-Пецярбургу



Беларуска Аляксандра Сасновіч абыграла румынку Ану Богдан у матчы першага круга турніру ВТА ў Санкт-Пецярбургу – 2:6, 6:2, 6:1.

Наступнай суперніцай Сасновіч стане пераможца супрацьстаяння Дар’я Касаткіна (Расея, 61 ВТА) – Клара Таўсан (Данія, 96 ВТА).

Сабаленка захавала 8 месца, Азаранка – 15-я

Афіцыйны сайт ВТА 15 сакавіка абнавіў рэйтынг лепшых тэнісістак планеты. Першая дзясятка рэйтынгу не змянілася. Працягвае лідыраваць аўстралійка Эшлі Барці (9186 ачкоў), на другім месцы японка Наомі Осака (7835), трэцяя – румынка Сімона Халеп (7255). Лепшая з беларусак – Арына Сабаленка – засталася на восьмай пазіцыі. Вікторыя Азаранка апусцілася з 14-га на 15-е месца. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч таксама страціла адну пазіцыю і займае цяпер 97-е месца, у Вольгі Гаварцовай 140-я радок, Вера Лапко знаходзіцца на 281-м месцы. У парным рэйтынгу Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мертенс займаюць два першыя месцы.

У мужчынскім рэйтынгу лідыруе па-ранейшаму серб Новак Джокавіч. На другое месца выйшаў расеец Данііл Мядзведзеў, на трэцяе месца апусціўся іспанец Рафаэль Надаль. Лепшы з беларусаў – Ягор Герасімаў – апусціўся на адну пазіцыю і займае 77 месца.

Беларусы завяршылі выступленні ў кваліфікацыі АГ па настольным тэнісе

У катарскай Досе працягваецца сусветны кваліфікацыйны турнір, на якім разыгрываюцца пуцёўкі ў адзіночны разрад спаборніцтваў па настольным тэнісе Алімпійскіх гульняў у Токіо. Беларус Аляксандр Ханін (154-ы нумар сусветнага рэйтынгу) завяршыў выступленне на стадыі трэцяга раўнда, саступіўшы венгру Адаму Судзі (115) – 2:4. У жаночым турніры беларуска Надзея Багданава (104) таксама завяршыла спаборніцтва ў трэцім крузе, прайграўшы расіянцы Паліне Міхайлавай (46) з лікам 1:4. Лідар беларускай каманды Уладзімір Самсонаў не змог згуляць у Катары з-за траўмы і паспрабуе прабіцца на Алімпіяду на еўрапейскім кваліфікацыйным турніры, які пройдзе з 21 па 25 красавіка ў Партугаліі.

Шаранговіч закінуў пятую шайбу ў сезоне, але „Нью-Джэрсі” саступіў „Айлендэрс”

„Нью-Джэрсі” ў серыі булітаў саступіў „Айлендерс” у хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ – 2:3. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч закінуў пятую шайбу ў сезоне. Ён правёў на лёдзе 19 хвілін 39 секунд (чацвёрты сярод нападнікаў „Нью-Джэрсі), выканаў тры кідкі, ужыў сілавы прыём, заблакаваў адзін кідок і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці “0”. Акрамя таго, беларус справакаваў на сабе выдаленне ў овертайме, якое „Девілз” рэалізаваць не змаглі. „Нью-Джэрсі” займае перадапошняе, сёмае, месца ў табліцы. Шаранговіч ў цяперашняй „рэгулярцы” правёў 23 матчы, набраў 9 (5+4) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+3”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vseprosport.ru