Аляксандра Сасновіч прайграла на турніры ў Гдыні



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (87-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не выйшла ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у польскай Гдыні. У паядынку 1/8 фіналу беларуска саступіла ўкраінцы Кацярыне Казловай (141) – 6:2, 4:6, 3:6. У чвэрцьфінале Казлова сустрэнецца з пераможцай матчу паміж румынкай Ірынай Бегу (81) і полькай Катажынай Кавай (143).

 

Арына Сабаленка згуляе з Магдай Лінет ў 1/32 фіналу Алімпійскіх гульняў

У Токіо адбылося лёсаванне тэніснага турніру XXXII летніх Алімпійскіх гульняў. Трэцяя ракетка свету беларуска Арына Сабаленка ў 1/32 фіналу жаночага адзіночнага разраду згуляе з польскай тэнісісткай Магдай Лінет, якая займае 45-е месца ў рэйтынгу WTA.

У першым раўндзе мужчынскага адзіночнага разраду беларускія тэнісісты будуць супернічаць з французамі: Ілля Івашка (66) згуляе з Гаэлем Монфісам (18), а Ягор Герасімаў (79) сустрэнецца з Жылем Сымонам (102). На старце мужчынскага парнага разраду Івашка і Герасімаў згуляюць з дуэтам з Новай Зеландыі Маркус Даніэл / Майкл Вінус. Алімпійскі тэнісны турнір стартуе 24 ліпеня.

 

Ігар Папруга працягне ўзначальваць СКА

Кіраўніцтва гандбольнага менскага СКА працягнула кантракт з галоўным трэнерам Ігарам Папругам. Тэрмін новага пагаднення клуба з настаўнікам, які змяніў у гэтай якасці пару гадоў таму Спартака Мірановіча, складае два гады, паведамляе прэс-служба каманды.

 

Футбалісты Іспаніі згулялі ўнічыю з егіпцянамі на старце алімпійскага турніру

На Алімпійскіх гульнях стартаваў мужчынскі футбольны турнір. У першым паядынку папярэдняй групы С адзін з фаварытаў зборная Іспаніі ў Сапара не змагла адолець каманду Егіпта – нічыя 0:0. У іншым матчы гэтай групы яшчэ адзін фаварыт каманда Аргенціны прайграла Аўстраліі 0:2. Каманда Бразіліі нанесла паразу немцам з лікам 4:2. За ўсю гісторыю правядзення алімпійскіх турніраў па тры чэмпіёнскіх тытула заваявалі футбалісты Вялікабрытаніі і Венгрыі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя