Аляксандра Сасновіч прайграла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Бялградзе



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (103-ы нумар сусветнага рэйтынгу) завяршыла выступленне на турніры катэгорыі WTA-250 у Бялградзе.

У чвэрцьфінале беларуска ўступіла калумбійскай тэнісістцы Марыі Серана (115) – 4:6, 2:6. У паўфінале саперніцай калумбійкі будзе харвацкая тэнісістка Ана Конюх (188).

Румынка Сымона Халеп знялася з „Ралан Гарос”. Прычынай з’яўляецца траўма, атрыманая трэцяй ракеткай свету падчас матчу другога круга на турніры ў Рыме. Тады Сымона Халеп знялася са спаборніцтваў у ходзе другога сэта ў матчы з немкай Ангелікай Кербер.

Яўген Хачарыдзі можа падаць у суд на берасцейскае „Дынама”

Украінскі экс-абаронца берасцейскага „Дынама” Яўген Хачарыдзі можа падаць у суд на клуб. „Дынама” не выплаціла кампенсацыю футбалісту за датэрміновае скасаванне кантракту. Гаворка ідзе пра суму ў адзін мільён долараў. Пагадненне з „Дынама” ў Хачарыдзі дзейнічала да канца 2021, аднак у зімовы міжсезонне кантракт з футбалістам быў скасаваны датэрмінова пасля таго, як беларускі клуб абвясціў аб змене кіраўніцтва і скарачэнні бюджэту. Папярэдні ўладальнік Аляксандр Зайцаў пакінуў калектыў, і „Дынама” афіцыйна перайшло пад дзяржаўнае кіраванне, памяняўшы форму ўласнасці. Пры гэтым даўгі па зарплаце Хачарыдзі клуб закрыў, інакш каманда не атрымала б ліцэнзію на ўдзел у нацыянальным чэмпіянаце. Бок ўкраінскага футбаліста настойвае на выплаце кампенсацыі.

Чатыры партыі Сейма Латвіі праціснулі допуск гледачоў на трыбуны на ЧС-2021

20 мая Сейм Латвіі прагаласаваў за допуск гледачоў на трыбуны на матчы чэмпіянату свету па хакеі. Рашэнне было прынята на пазачарговым пасяджэнні. За допуск гледачоў прагаласавала большасць дэпутатаў. Супраць допуску гледачоў выступіў міністр аховы здароўя краіны Даніэлс Павлюц. На стадыён пусцяць толькі тых заўзятараў, якія ўжо прайшлі вакцынацыю або нядаўна перахварэлі на каронавірус. Пры гэтым пакуль незразумела, з якога дня пачнуць пускаць на арэны фанатаў, ураду яшчэ трэба будзе распрацаваць механізм допуску. Чэмпіянат свету ў Рызе стартуе 21 траўня. Зборная Беларусі правядзе першую гульню супраць Славакіі.

Мікіта Цмыг заняў 38-е месца на дыстанцыі 200 метраў на спіне

Беларус Мікіта Цмыг заняў 38-е месца на дыстанцыі 200 метраў на спіне на чэмпіянаце Еўропы па плаванні, які праходзіць у Будапешце. На дыстанцыі 100 метраў вольным стылем Анастасія Шкурдай заняла 42-е месца, Настасся Каракоўская – 45-е.

Беларускае Радыё Рацыя