Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па тэнісе



Аляксандра Сасновіч ўпэўнена выйшла ў другі раўнд адкрытага чэмпіянату Беларусі, які праходзіць на кортах менскага Палаца тэніса.

У стартавым паядынку адзіночнага разраду Аляксандра ўпэўнена перайграла Кацярыну Ціхонка ў двух сэтах – 6:1, 6:0. Сустрэча працягвалася ўсяго 56 хвілін. Сёння ў чвэрцьфінале Аляксандра Сасновіч, пасеяная пад першым нумарам, сустрэнецца з Веранікай Прыц, якая ва ўпартай барацьбе абыграла Насту Рафальскі – 7:5, 6:4.

Хакеісты менскага „Дынама” возьмуць удзел у Кубку Руслана Салея

Хакеісты менскага „Дынама” возьмуць удзел у Кубку Руслана Салея, які пройдзе ў жніўні. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Федэрацыі хакея Беларусі. „Зубры” пачнуць выступ, абыходзячы адборавыя спаборніцтвы, са стадыі „Фіналу чатырох”, які запланаваны на 29-30 жніўня. Чакаецца таксама, што ў спрэчцы за ганаровы трафей прыме ўдзел адзін з казахстанскіх клубаў. Што тычацца астатніх удзельнікаў спаборніцтваў, то імі стануць шматразовыя чэмпіёны Беларусі са сталічнага „Юнацтва” і дзве самыя моцныя каманды па выніках групавога адборачнага раўнда спаборніцтваў. Папярэдняя дата пачатку турніру, прысвечанага памяці Руслана Салея, 6 жніўня.

Зацверджаны новыя тэрміны правядзення ЧС-2021 па хакеі

Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) зацвердзіў перанос тэрмінаў правядзення чэмпіянату свету 2021, які пройдзе ў Беларусі і Латвіі. Інфармацыя пра гэта змешчана на афіцыйным сайце арганізацыі, паведамляе БЕЛТА. Планетарнае першынства ў Менску і Рызе пройдзе з 21 траўня па 6 чэрвеня. Гэта рашэнне было аргументавана неабходнасцю прыстасавацца да больш позняга старту ліг у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Ранейшыя тэрміны турніру – з 7 па 23 траўня. Расклад матчаў і інфармацыя аб продажы квіткоў будзе апублікаваная пазней. Чэмпіянат свету-2020, які павінен быў прайсці ў траўні ў Швейцарыі, быў адменены з-за пандэміі каронавіруса.

Ганчарэнка не будзе рыхтаваць футбалістаў ЦСКА да наступнага матчу

Галоўны трэнер маскоўскага ЦСКА беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка прапусціць бліжэйшы матч чэмпіянату Расеі па футболе. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце армейскага клуба.

У паведамленні прэс-службы гаворыцца, што ў мінулую суботу пасля матчу з „Зенітам” Віктар Ганчарэнка адчуў недамаганне, таму рыхтаваць каманду да сустрэчы з маскоўскім „Дынама” будзе старшы трэнер Сяргей Аўчыннікаў. Раней расейскія СМІ паведамлялі, што беларускі настаўнік прыняў рашэнне сысці ў адстаўку пасля буйной паразы на хатняй арэне ад лідара расейскага чэмпіянату піцерскага „Зеніта” 0:4 у першым матчы пасля аднаўлення сезона.

Пасля 23 тураў чэмпіянату Расеі ЦСКА займае 5-е месца, набраўшы 36 ачкоў. Свой наступны матч армейцы павінны правесці 27 чэрвеня ў гасцях у яшчэ аднаго маскоўскага клуба „Дынама”.

Мікіту Мешчаракова на запрасілі на збор баскетбольнай зборнай

Федэрацыя баскетбола апублікавала склад гульцоў, запрошаных на трэніровачны збор у спорткомплекс «Цмокі-Менск». Некалькі дзён таму Мікіта Мешчаракоў крытычна выказаўся на тэму таго, што адбываецца ў Беларусі вакол будучых прэзідэнцкіх выбараў. Пакуль няма інфармацыі, ці звязаныя паміж сабой гэтыя дзве падзеі.

«Гульня без правілаў … Кандыдатаў садзяць за краты, людзям затыкаюць раты. Гэта – не Беларусь будучыні. Аляксандр Рыгоравіч – вы не мой прэзідэнт », – напісаў Мешчаракоў у сваім «Інстаграме». Баскетбалісты, выкліканыя на збор: Андрэй Стаброўскі, Уладзіслаў Блізнюк, Андрэй Рагозенка, Аляксей Трасцінецкі, Віталь Лютыч, Аляксандр Пустагвар, Максім Салаш, Яўген Белянкоў, Максім Лютыч, Раман Рубінштэйн, Бенджамін-Павел Дуду, Аляксандр Семянюк, Арцём Малькоў, Дзяніс Вікенцьеў, Уладзіслаў Мікульскіх, Вадзім Стубеда, Іван Аладка, Кірыл Сітнік, Ілля Шарыпаў.

Беларускае Радыё Рацыя