Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Бялградзе



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пераможна пачала выступы на турніры катэгорыі WTA-250 у сербскім Бялградзе з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу беларуска абыграла кітаянку Сю Ван у трохсэтавым паядынку – 6:7 (6: 8), 6:0, 6:2. Матч доўжыўся 2 гадзіны 33 хвіліны. У 1/8 фіналу суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе іспанка Крысціна Буча.

Анастасія Шкурдай стала шостай на ЧЕ па плаванні на 100 м батэрфляем

Беларуска Анастасія Шкурдай заняла шостае месца на чэмпіянаце Еўропы па плаванні ў Будапешце на дыстанцыі 100 м батэрфляем. Берасцейка першую палову дыстанцыі трымалася ў тройцы мацнейшых, але ў выніку апынулася за мяжой прызёраў.

Акрамя вырашальнага старту на 100 м батэрфляем, Анастасія Шкурдай удзельнічала ў паўфінальнай стадыі спаборніцтваў на дыстанцыі 50 м на спіне. Тут маладая беларуская спартоўка заняла восьмае месца ў сваім заплыве. Такім чынам, яна засталася па-за фіналу. Ілля Шымановіч заняў чацвёртае месца ў фінале на дыстанцыі 100 м брасам. Віктар Стаселовіч заняў шостае месца ў фінальным заплыве на 50 м на спіне. Яшчэ два беларусы Мікіта Цмыг і Рыгор Пякарскі, якія выступалі ў дадзеным выглядзе праграмы, засталіся па-за фінальнага заплыву.

„Цмокi-Менск” зраўнялі лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па баскетболе

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” зраўнялі лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі з магілёўскім „Барысфенам”. Пасля нечаканай паразы ў першым хатнім паядынку 68:85 дзеючыя чэмпіёны краіны выйгралі з перавагай у 16 ачкоў – 90:74. Наступная сустрэча суіскальнікаў залатых медалёў адбудзецца 22 траўня ў магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец”. Калі пасля трох гульняў пераможца не вызначыцца, то чацвёрты матч 23 траўня таксама пройдзе ў Магілёве.

„Барысаў-900” і БЧ перамаглі на старце 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

На чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе адбыліся чарговыя паядынкі чвэрцьфінальнай стадыі. У Гомелі мясцовы клуб БЧ прымаў мінскі „Дарожнік” і вырваў перамогу на апошняй хвіліне гульні – 5:4.

Таксама ў Менску спартоўцы „Сталіцы” саступілі „Барысаву-900” ў дадатковы час 3:5. Дзеючы чэмпіён краіны аршанскі „Вітэн”, які ў матчах рэгулярнага сезона атрымаў перамогі ва ўсіх 22 праведзеных паядынках, адолеў „Менск” з лікам 3:2. Гомельскі ВРЗ абыграў на сваёй арэне менскае „Дынама-БНТУ” – 5:1.

Запоўненая апошняя вакансія ў ростэры зборнай Беларусі на ЧС-2021 па хакеі

Запоўненая апошняя вакансія ў ростэры зборнай Беларусі на чэмпіянат свету па хакеі ў Латвіі. Да каманды Міхаіла Захарава далучыўся нападнік клуба АХЛ „Хершы” Аляксей Протас. Хакеіст дазаяўлены для ўдзелу ў турніры пад 12-м нумарам, аднак у дадзены момант не мае права прымаць удзелу ў трэніроўках. Наперадзе ў яго трохдзённы каранцін, на працягу якога хакеісту забаронена пакідаць нумар гасцініцы.

Нападнік зможа далучыцца да каманды толькі ў пятніцу, 21 траўня. Выйсці на лёд у афіцыйным матчы Протасу дазволена не раней за наступны панядзелак.

Беларускае Радыё Рацыя