Аляксандры Раманоўскай зрабілі аперацыю на каленным суставе



Беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская перанесла аперацыю на каленным суставе. Пра гэта паведаміў галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле  Мікалай Казека.

«На гэтым тыдні Сашы зрабілі аперацыю. Лекары, якія яе праводзілі, кажуць, што ўсё прайшло добра. Гэта была такая касметычная аперацыя: на суставе быў шнар, яго, так бы мовіць, нівеліравалі. Пакуль Аляксандра на бальнічным”, паведаміў Казека.

Беларускі канькабежац Віталь Міхайлаў дыскваліфікаваны на два гады

Беларускі канькабежац Віталь Міхайлаў атрымаў дыскваліфікацыю на два гады за ўжыванне допінгу. Такі вердыкт Спартовага арбітражнага суда (CAS). Допінг-тэст Міхайлава даў станоўчы вынік на чэмпіянаце свету ў класічным мнагаборстве у 2019 годзе. Тады беларускі спартовец здолеў даказаць, што не ведаў пра тое, што прыманы ім харчовы дадатак змяшчае забароненае рэчыва, таму Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) апраўдаў Міхайлава. Аднак ВАДА падало апеляцыю на рашэнне ISU ў CAS, якая была задаволена.

Этап чэмпіянату „Формулы-1” Гран-пры В’етнама не адбудзецца з-за каронавіруса

Этап чэмпіянату „Формулы-1” Гран-пры В’етнама ў 2020 годзе не адбудзецца з-за каронавіруса. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце турніру. Першы ў гісторыі Гран-пры В’етнама павінен быў прайсці 3-5 красавіка ў Ханоі, аднак спаборніцтвы былі перанесены на нявызначаны тэрмін з-за пандэміі. У ліпені старшыня народнага камітэта Ханоя Нгуен Дук Чунг заявіў, што гонка можа прайсці ў лістападзе. У выніку было прынята рашэнне, што ў 2020 годзе турнір не адбудзецца.

Віктар Сокал пакінуў „Іслач”

Трэнер рэзервовага складу „Іслачы” Віктар Сокал спыніў супрацоўніцтва з клубам з Менскага раёна па пагадненні бакоў. 39-гадовы спецыяліст, які працаваў у стане „ваўкоў” з 2016 года, вырашыў працягнуць кар’еру ў іншым месцы.

Мяшкоўцы Марка Паніч і Мікіта Вайлупаў – у топ-5 бамбардзіраў Лігі чэмпіёнаў

Гандбалісты „Мяшкоў Брэст” Марка Паніч і Мікіта Вайлупаў уваходзяць у пяцёрку лепшых бамбардзіраў Лігі чэмпіёнаў-2020/21. Узначальвае спіс з 24 мячамі французскі легіянер „Барселоны” Мем Дзіка. Паніч (23 дакладных кідка) дзеліць 2-е месца з датчанінам Магнусам Саўгструпам з „Ольбарга”, Вайлупаў (22) – 4-е з іспанцам Алейксам Гомесам.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by