Аляксей Александровіч перамог у штурханні ядра на ЧЕ (U-18) у Венгрыі
Беларус Аляксей Александровіч перамог у штурханні ядра на чэмпіянаце Еўропы (U-18) у Венгрыі.
У заключнай, шостай, спробе ён штурхнуў 5-кілаграмовы снарад на 20 м 97 см. Другое месца заняў італьянец Кармела Мусчы (20 м 37 см), бронзавым прызёрам стаў Пётр Гадзіевіч з Польшчы (18 м 88 см).
Рэзультат беларуса з’яўляецца асабістым рэкордам атлета і лепшым дасягненнем сезона ў свеце для 18-гадовых спартсменаў.
Залаты медаль Аляксея Александровіча стаў другім на турніры ў скарбонцы беларускай каманды. Раней у хадзьбе на 5000 м перамагла Ганна Зубкова.