Аляксей Бутарэвіч арандаваны „Слуцкам” у менскага „Дынама”



Паўабаронца Аляксей Бутарэвіч арандаваны „Слуцкам” у менскага „Дынама”.

„Першую палову мінулага сезону Аляксей з’яўляўся гульцом ФК „Смалявічы” (15 матчаў, 1 гол і 1 галявая перадача), а затым перайшоў у ФК «Дынама-Менск» (4 матчы)” – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Слуцка”.

Жаночая зборная Беларусі на ЧЕ-2021 згуляе ў групе з камандамі Іспаніі, Славакіі і Швецыі

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе на ЧЕ-2021 згуляе ў групе з камандамі Іспаніі, Славакіі і Швецыі. Гэта стала вядома пасля лёсавання, якое прайшло 8 сакавіка. Фінальная частка жаночага чэмпіянату Еўропы-2021 пройдзе з 17 па 27 чэрвеня ў Іспаніі і Францыі. Каманды падзеленыя на чатыры квартэты, адкуль толькі лепшыя напрамую трапяць у 1/4 фіналу розыгрышу. Зборныя, якія зоймуць другія і трэція месцы, паспрачаюцца за выхад у гэтую стадыю спаборніцтваў у паядынках 1/8 фіналу.

Вікторыя Азаранка знялася з турніру серыі „WTA-1000” у Дубаі

Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка знялася з турніру „Dubai Duty Free Tennis Championships” катэгорыі „WTA-1000” з прызавым фондам 1 835 490 даляраў. Спаборніцтвы стартавалі 7 сакавіка і завершацца 13 сакавіка. Афіцыйная прычына зняцця Азаранкі – траўма спіны, паведамляе журналіст Міхал Самульскі на сваёй старонцы ў „твітары”.

У абноўленым рэйтынгу АТП Ягор Герасімаў займае 76-е месца

У абноўленым рэйтынгу АТП ад 8 сакавіка беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў захаваў 76-ю пазіцыю. У яго 936 ачкоў. Ілля Івашка з 681 ачком апусціўся са 112-га на 113-е месца. Ну а першым у рэйтынгу АТП застаецца серб Новак Джокавіч.

Сербскі тэнісіст абнавіў рэкорд па працягласці знаходжання на першым месцы ў рэйтынгу АТП. 33-гадовы спартовец застаецца лідарам на працягу 311 тыдняў. Папярэдні рэкорд належаў швейцарцу Роджеру Федэрэру – 310 тыдняў.

У абноўленым рэйтынгу ВТА беларуская тэнісістка Арына Сабаленка захавала восьмую пазіцыю. Вікторыя Азаранка засталася на 14-м месцы. Аляксандра Сасновіч апусцілася на адзін радок і займае цяпер 97-ю пазіцыю. Вольга Гаварцова таксама апусцілася на адно месца і зараз 139-я ў рэйтынгу. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: lidanews.by