Аляксей Гайса прызнаны лепшым легіянерам чэмпіянату Латвіі



Федэрацыя гандбола Латвіі падвяла вынікі сезона, вызначыўшы лепшых гульцоў у розных намінацыях. Самым каштоўным гульцом чэмпіянату Латвіі стаў Марыс Вершакоўс з „Добеле”. Лепшым легіянерам прызнаны беларус Аляксей Гайса.

Беларускі левы крайні рыжскага „Целтніекса”, раней выступаў за „Машэку”, быў адным з самых яркіх гульцоў латвійскага чэмпіянату, паведамляе „Хуткі цэнтр” са спасылкай на handball.lv.

У Менгарвыканкаме расказалі, якім будзе нацыянальны футбольны стадыён

Менгарвыканкам у сваім афіцыйным Telegram-канале распавёў пра будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна ў Менску. Яго плануюць здаць у эксплуатацыю ў 2023 годзе. „У архітэктурнай канцэпцыі стадыёна гэтак жа, як і ў будынка басейна міжнароднага стандарту, прасочваецца тэма сяброўства Беларусі і Кітая. Чырвона-белы колер і зялёная тэрыторыя адлюстроўваюць нацыянальны стыль і прыродныя асаблівасці Беларусі. А плаваючыя лініі выгнутага фасада злучаюць дзве дружалюбныя дзяржавы і сімвалізуюць ініцыятыву „Пояс і шлях”, – адзначылі ў прэс-службе Менгарвыканкама. Футбольнае поле выканаюць у адпаведнасці з патрабаваннямі ФІФА. Яго памеры будуць 105х68 м, а з дапаможнай зонай – 125х85 м. Умяшчальнасць новага спартовага аб’екта – 33 тысячы гледачоў. Трыбуны будуць двух’яруснымі, паміж імі размесціцца VIP-зона са скайбоксамі. Для догляду за натуральным травяным пакрыццём прадугледзяць сістэму аўтаматычнага паліву і падагрэву. Інфраструктура для спартоўцаў будзе ўключаць распранальні, пакой для размінкі і пункт допінг-кантролю.

Агульная плошча аб’екта складзе 48 тысяч квадратных метраў, яго вышыня – 38,6 м.

Трэнер „Зеніта” Юрый Жаўноў не можа выехаць з Беларусі ў Расею

Былы брамнік зборнай Беларусі, а цяпер трэнер „Зеніта” Юрый Жаўноў не можа далучыцца да каманды, якая аднавіла нядаўна трэніроўкі на адкрытым паветры. Спецыяліст не можа пакінуць Беларусь з-за юрыдычных затрымак. Цяпер Жаўноў знаходзіцца на радзіме, але ў „Зеніце” разлічваюць, што ён зможа вярнуцца ў Санкт-Пецярбург у бліжэйшыя дні, адзначае sport-express.ru.

Клубы англійскай прэм’ер-лігі сёння пачнуць групавыя трэніроўкі

Клубы англійскай прэм’ер-лігі адзінагалосна прагаласавалі за аднаўленне трэніровак. Каманды пачнуць заняткі ў малых групах з 19 траўня. Гульцы будуць выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыявання, кантактныя трэніроўкі пакуль не дазволеныя, паведамляе сайт АПЛ.

Кантынентальная хакейная ліга назвала лаўрэатаў сезона

Кантынентальная хакейная ліга назвала лаўрэатаў сезона, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт КХЛ. У сувязі з датэрміновым завяршэннем сезону 2019/2020 КХЛ змяніла працэдуру і парадак вызначэння пераможцаў у індывідуальных і камандных намінацыях. Згодна з палажэннямі спартовага рэгламенту КХЛ, вызначаны ўладальнікі прызоў па выніках рэгулярнага чэмпіянату. Такім чынам, Кубак Кантынента імя Віктара Ціханава, які ўручаецца камандзе – пераможцы рэгулярнага чэмпіянату, дастаўся маскоўскаму ЦСКА. Лепшым бамбардзірам па сістэме „гол+пас” стаў маскоўскі дынамавец Вадзім Шыпачоў – 65 (17 + 48) ачкоў. Прыз лепшага снайпера, прызначаны для хакеіста, які закінуў найбольшую колькасць шайбаў у рэгулярным сезоне, папоўніў калекцыю персанальных узнагарод Кірыла Капрызава з ЦСКА – 33 шайбы. Лепшым гульцом абароны рэгулярнага чэмпіянату па сістэме „гол + пас” прызнаны Міка Лехтанен з фінскага „Йокерыта”, які набраў 49 (17 + 32) ачкоў. Лепшым брамнікам турніру стаў Цімур Білялем з казанскага „Ак Барса”.

Іспанскі Більбао прадаставіў УЕФА гарантыі правядзення матчаў Еўра-2020

Іспанскі Більбао прадаставіў УЕФА гарантыі правядзення матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе ў 2021 годзе. УЕФА ў сакавіку прыняў рашэнне перанесці ЕЎРА-2020 на 2021 год з-за пандэміі каронавіруса. Турнір стане першым чэмпіянатам Еўропы, які пройдзе не на тэрыторыі адной альбо дзвюх мяжуючых краін. Плануецца, што матчы турніру пройдуць на 12 стадыёнах у 12 гарадах па ўсёй Еўропе. Турнір павінны прыняць Баку, Лондан, Будапешт, Мюнхен, Капенгаген, Дублін, Більбао, Рым, Амстэрдам, Санкт-Пецярбург, Бухарэст і Глазга.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by