Аляксей Протас прызнаны найлепшым навічком сезона ў складзе „Хершы”



Беларускі форвард Аляксей Протас прызнаны найлепшым пачаткоўцам „Хершы” па выніках сезона.

Фота: pressball.by

Пра гэта паведамляе прэс-служба фарм-клуба „Вашынгтона”. У рэгулярным чэмпіянаце Протас набраў 24 (8+16) ачкі ў 42 матчах пры паказчыку карыснасці „-3”. Аляксей выступаў за „Хершы” і ў мінулым, скарочаным, сезоне, аднак тады ён правёў за каманду менш за 20 матчаў, а таму лічыўся навічком і ў цяперашнім чэмпіянаце. Протас у гэтым сезоне таксама дэбютаваў і ў НХЛ. У складзе „Вашынгтона” беларус згуляў 33 матчы і набраў 9 (3+6) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+4”.

Чэмпіянат Беларусі не патрапіў у топ-10

Самым папулярным хакейным чэмпіянатам у Еўропе з’яўляецца элітная швейцарская ліга, паядынкі якой у сярэднім збіралі 6139 балельшчыкаў. КХЛ займае сёмае месца па сярэдняй наведвальнасці. Матчы КХЛ у рэгулярцы ў сярэднім наведвалі 2382 гледачы. Беларуская экстраліга не патрапіла ў топ-10.

Ягор Герасімаў не змог прабіцца ў другі круг „чэленджэра” ў Маўтхаўзене

Беларус Ягор Герасімаў (144 АТП) не змог прабіцца ў другі круг турніру катэгорыі „чэленджэр” у Маўтхаўзене. У стартавым раўндзе ён уступіў аўстрыйцу Лукашу Медлеру (310) – 5:7, 4:6.

«Народам Беларусі і Украіны, якія супрацьстаяць крывавым дыктатарам»

3 траўня ў Варшаве прайшоў 30-ы традыцыйны Забег Канстытуцыі, прысвечаны прыняццю ў гэты дзень у 1791 годзе Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. У забегу на 5 км прынялі ўдзел каля 3 тысяч чалавек, у тым ліку 26 украінцаў. У мужчынскім заліку пераможцам стаў беларус Тарас Цялькоўскі. Ён расказаў, што з’яўляецца палітычным уцекачом з Беларусі і жыве ў Польшчы па гуманітарнай візе. Раней Цялькоўскі з’яўляўся членам юніёрскай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, выйграваў юнацкія першынствы краіны на дыстанцыі 5000 метраў. Пасля перамогі Цялькоўскі напісаў у Instagram: «Прысвячаю гэтую маленькую перамогу народам Беларусі і Украіны, якія мужна супрацьстаяць крывавым дыктатарам».

Ангелец Роні О’Саліван сёмы раз выйграў чэмпіянат свету па снукеры

Англійскі снукерыст Роні О’Саліван ў чарговы раз выйграў чэмпіянат свету. У англійскім фінале О’Саліван абыграў суайчынніка Джада Трампа (18:13). Для 46-гадовага О’Салівана гэта сёмы тытул чэмпіёна свету. Такім чынам, па гэтым паказчыку ён дагнаў шатландца Стывена Хендры.

Беларускае Радыё Рацыя