Аляксей Шпілеўскі – найлепшы трэнер чэмпіянату Казахстана



Прафесійная футбольная ліга Казахстана падвяла вынікі галасавання кіраўнікоў клубаў-удзельнікаў чэмпіянату краіны па вызначэнні пераможцы ў намінацыі „Найлепшы трэнер чэмпіянату”.

Галоўны трэнер „Кайрата” беларус Аляксей Шпілеўскі па-за канкурэнцыяй. Вынік быў вызначаны па падсумоўванні балаў, якія трэнеры-кандыдаты набралі ў выніку галасавання сярод калегаў. Галоўны трэнер „Кайрата” Аляксей Шпілеўскі атрымаў 27 балаў. На другім месцы размясціўся Канстанцін Гаравенко, які ўзначальвае „Шахцёр”, – ён набраў усяго 5 балаў.

Аляксей Коўтун пакінуў „Рух”

Абаронца Аляксей Коўтун пакінуў берасцейскі „Рух”. Кантракт з 25-гадовым футбалістам скасаваны па пагадненні бакоў. У сезоне 2020 аўтар першага гола „Руху” ў вышэйшай лізе правёў 19 афіцыйных матчаў, забіў 1 мяч і аддаў 1 ​​выніковую перадачу.

Салігорскі „Шахцёр” аб’явіў аб расставанні з трыма гульцамі – Джасурбекам Яхшыбоевым, Эдуардам Вішняковым і Максімам Бардачовым.

Прайшло лёсаванне паўфіналаў Кубка Беларусі па міні-футболе

Адбылося лёсаванне паўфінальных пар „Фіналу чатырох” Кубка Беларусі па міні-футболе. Вырашальныя матчы пройдуць у Магілёве 8-9 студзеня 2021 года. Менская Сталіца згуляе з гомельскім БЧ, а Ахова-Дынама (Менск) пасупернічае з ВРЗ з Гомеля

Ілля Івашка – першы ў спісе прэтэндэнтаў на трапленне ў асноўную сетку „Australian Open”

Другая ракетка Беларусі Ілля Івашка – ужо першы ў спісе гульцоў, якія не прайшлі ў асноўную сетку „Australian Open”, але якія прэтэндуюць на патрапленне туды ў сувязі з магчымымі адмовамі больш рэйтынгавых тэнісістаў. Яшчэ ўчора беларус быў другім, аднак ад удзелу ў спаборніцтвах адмовіўся Жо-Вілфрыд Цонга – паведамляе твітар Boticcelli. Першы ў сезоне турнір „Вялікага шлема” намечаны на 8-21 лютага ў Мельбурне.

Нямецкі „Кіль” чацвёрты раз выйграў гандбольную Лігу чэмпіёнаў

Гандбалісты нямецкага „Кіля” чацвёрты раз сталі пераможцамі Лігі чэмпіёнаў. У вырашальным паядынку 60-га розыгрышу галоўнага клубнага турніру Еўропы „Кіль” абыграў у Кёльне іспанскую „Барселону” з лікам 33:28. Да гэтага „Кіль” тройчы выйграваў Лігу чэмпіёнаў. У матчы за трэцяе месца французскі „Пары Сен-Жэрмен” узяў верх над венгерскім „Веспрэмам” – 31:26.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kazfootball.kz