АМАПавец Хацкевічу: У аб’ектыў глядзець! Не ўсміхацца!
Журналіст „Прессбола” Сяргей Новікаў распавёў аб паходзе галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Аляксандра Хацкевіча на матч чэмпіянату краіны „Шахцёр” – „Мінск”.
Па словах Новікава, Хацкевіч распавёў яму пацешную гісторыю, якая выразна адказвае на пытанне: чаму на беларускія стадыёны не ходзяць заўзятары.
„На футбол „Шахцёр” – „Мінск” Аляксандр Мікалаевіч адправіўся ў кампаніі знаёмых. Ён паверыў анонсу „уваход вольны” і не стаў папярэджваць аб сваім візіце нікога з салігорскага клуба. Пра што пашкадаваў ужо пры спробе пераадолець на агульных падставах „фан-прапускнік” на „Будаўніку”. Спроба вельмі пільнага ператрусу сустрэла лёгкае здзіўленне трэнера, за якім услед узнікла пытанне АМАПаўца: „А вы хто такі?” – „Трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай”, – перадае Новікаў словы Хацкевіча.
Далей ўключылася рацыя: „Тут у нас трэнер нейкай зборнай”. – „Не нейкай, а нацыянальнай”. – „Абшукаць!”.
„Выклаўшы з кішэняў усё і распрануўшыся-апрануўшыся, Хацкевіч ўсміхнуўся: „Ну я пайшоў?” – „Куды пайшоў? Вунь туды, да камеры!” Від тэхнічна абсталяванага чалавека ў чорным на наступнай стадыі праверкі выглядаў яшчэ больш сувора: „У аб’ектыў глядзець! Не ўсміхацца!”- „Чаму?” – „Хочаш, каб я табе растлумачыў? Гэта будзе доўга …”
У выніку, Хацкевіч разводзіць рукамі: „Вось колькі ж людзей пагодзяцца скарыстацца правам такога „вольнага ўваходу” на футбол? Па-мойму, гэтую публіку ў камуфляжы ў нас проста няма чым заняць…”, – лічыць журналіст.