Анастасія Шкурдай абнавіла свой юнацкі рэкорд
Беларуская плыўчыха абнавіла свой юнацкі рэкорд на дыстанцыі 100 м вольным стылем на Кубку і першынстве Беларусі па плаванні, які праходзіць у Берасці. Атлеты спаборнічаюць у 50-метровым басейне. На дыстанцыі 100 м вольным стылем спартоўка з Берасця паказала першы час – 54,34 секунды. Другой кранулася борціка басейна Анастасія Каракоўская (55,85 секунды). Замкнула тройку лідараў Анастасія Куляшова, якая пераадолела стомятроўку за 56,72 секунды. Папярэдні юнацкі рэкорд належаў таксама Анастасіі Шкурдай – 56,08 сек.
Турніры праходзяць без гледачоў і з захаваннем усіх санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Беларускія плыўцы ўжо маюць пяць алімпійскіх ліцэнзій: Ілля Шымановіч, Мікіта Цмыг, Анастасія Шкурдай, а таксама ў камбінаванай мужчынскай і змяшанай эстафетах. У планах – заваяванне яшчэ ад трох да пяці пуцёвак на Гульні.
Чатыры футбалісты „Руху” трапілі ў зборную тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Форвард салігорскага „Шахцёра” Віталь Лісаковіч у шосты раз у сезоне ўключаны ў сімвалічную зборную тура чэмпіянату Беларусі па футболе.
Акрамя яго ў зборную 17-га тура ўвайшоў яго партнёр па камандзе сербскі абаронца Нікола Анціч, для якога гэта ўжо пятае пападанне ў лік 11 лепшых гульцоў дня. Таксама ў каманду 17-га тура ўключаны адразу чатыры футбалісты берасцейскага „Руху” – Арцём Канцавы, Аляксандр Мігуноў, Арцём Рахманаў і Дзяніс Грэчыха. У сімвалічную зборную трапілі Леанід Ковель і Сяргей Глебка з бабруйскай „Белшыны”, Уладзіслаў Ложкін і Аляксандр Джыгера са „Смалявічаў”, а таксама галкіпер „Віцебска” Арцём Сарока.
Форвард нацыянальнай зборнай Аляксандр Паўловіч працягне гуляць у менскім „Дынама”
Форвард зборнай Беларусі па хакеі Аляксандр Паўловіч падпісаў аднагадовы кантракт з менскім „Дынама”. Для яго гэта будзе дзясяты сезон у гэтай лізе. Усяго ж за „Дынама” ў КХЛ выхаванец гарадзенскага хакея правёў 345 матчаў, у якіх набраў 68 (34 + 34) ачкоў. У мінулым сезоне ён запісаў на свой рахунак 52 сустрэчы з паказчыкам 11 (7 + 4) ачкоў. Аляксандр Паўловіч рэгулярна выклікаецца ў зборную Беларусі. У яе складзе ён чатыры разы ўдзельнічаў у чэмпіянатах свету, дзе правёў 26 матчаў і прынёс камандзе 10 (6 + 4) ачкоў. Хакеісты менскага „Дынама” пачалі падрыхтоўку да новага сезона. У бліжэйшы час каманда будзе працаваць у рэжыме трохразовых трэніровак.
Стэфановіч падпісаў кантракт з менскім „Юнацтвам”
Нападнік зборнай Беларусі Міхаіл Стэфановіч падпісаў кантракт са шматразовым чэмпіёнам краіны менскім „Юнацтвам”. У сезоне 2019/2020 хакеіст выступаў за менскае „Дынама” ў КХЛ. У 34 матчах за „зуброў” у яго 8 (5 + 3) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-12”. Акрамя таго, у мінулым сезоне форвард запісаў на свой рахунак 28 матчаў за „Юнацтва” ў чэмпіянаце Беларусі і Лізе чэмпіёнаў. Гуляючы за дружыну Аляксандра Макрыцкага, Міхаіл Стэфановіч набраў 28 (13 + 15) ачкоў пры 4 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+15”. Акрамя таго, ён прыцягваўся ў зборную Беларусі ва ўсіх трох міжнародных паўзах. У васьмі сустрэчах на яго рахунку шэсць галоў.
Лазавік выйграў прэстыжны онлайн-турнір
Беларускі шахматыст Дзяніс Лазавік стаў пераможцам прэстыжнага онлайн-турніру Arabian Karpov Cup-2020. Сярод шахматыстаў да 14 гадоў беларус набраў 10,5 балаў. Дзяніс Лазавік правёў 12 матчаў, у дзевяці перамог, тры – звёў унічыю. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 670 юных гульцоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by