Анастасія Шкурдай кваліфікавалася ў паўфінал на дыстанцыі 50 метраў на спіне



Анастасія Шкурдай з 14-га месца кваліфікавалася ў паўфінал на дыстанцыі 50 метраў на спіне. Спаборніцтвы праходзяць у Будапешце.

Беларуска паказала вынік 28,33 сек. Яшчэ адна беларуска Анастасія Куляшова заняла 26-е месца. У папярэдніх заплывах на стометроўцы вольным стылем, лепшы з беларусаў Яўген Цуркін заняў 56-е месца.

Уладзіслаў Калячонак уключаны на розыгрыш Кубка Стэнлі

Беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак трапіў у заяўку „Флорыды” на розыгрыш Кубка Стэнлі. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Беларус заяўлены пад 64-м нумарам. Цяперашні сезон Калячонак пачынаў у менскім „Дынама”, за клуб ён правёў 46 матчаў, зарабіўшы 6 (1+5) ачкоў. У АХЛ хакеіст гуляў за „Сіракьюз Кранч”: 10 матчаў, 2 (0+2) ачкі

Ілля Івашка перамог Фернанда Вердаска ў першым крузе турніру ў Жэневе

Беларус Ілля Івашка ў першым крузе турніру ў Жэневе абыграў прадстаўніка Іспаніі Фернанда Вердаска (7:6 (7:5), 6:4). Івашка пяць разоў падаў навылёт, здзейсніў адну двайную памылку і рэалізаваў адзін з трох брэйк-пойнтаў. За выхад у чвэрцьфінал беларус паспрачаецца з Грыгорам Дзімітравым з Балгарыі.

Міністэрства адукацыі Латвіі прапанавала дапусціць вакцынаваных заўзятараў хаця б на фінал ЧС

Напярэдадні старту чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе, які пачнецца 21 траўня, Міністэрства адукацыі Латвіі прапанавала дазволіць прысутнічаць на гульнях прышчэпленым ад каронавіруса гледачам. Пазіцыю ведамства агучыў дырэктар дэпартамента спорту Эдгарс Северс. Чыноўнік прызнае, што яшчэ не зусім зразумела, як пракантраляваць, ці сапраўды людзі прышчапіліся, але, на яго думку, адпаведны механізм можна было б прадумаць прама падчас чэмпіянату, каб прышчэпленых заўзятараў можна было пусціць хаця б на фінал.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: brestcity.com