Настасся Шкурдай на Кубку Расеі выйграла фінальны заплыў на дыстанцыі 200 метраў на спіне



Беларуска першай кранула фінішны борцік, спыніўшы секундамер на адзнацы 2.08,76. Гэта 17-ы вынік сезона ў свеце.

На ЧС у Японіі на дадзенай дыстанцыі спаборніцтвы яшчэ не праводзіліся.  На дыстанцыі 800 метраў вольным стылем наш плывец Канстанцін Курачкін фінішаваў з сёмым часам – 8 хвілін 08,17 секунды. Гэтыя секунды адпавядаюць 32-му месцу на Чэмпіянаце свету.

„Нёман” падпісаў расейскага нападніка Марка Краснова

Расеец – выхаванец піцерскага „Дынама”. Ён выступаў за родны клуб да канца сезона-2021. У ліпені мінулага года Красноў перайшоў у „Слонім-2017”. У першай беларускай лізе ён правёў 14 матчаў, забіў 12 галоў і зрабіў два асісты. Апошнім клубам Марка была „Смаргонь”. У вышэйшай лізе сёлета ён забіў два мячы ў 14 сустрэчах.

„Мяшкоў Брэст” збіраецца правесці міжнародныя спарынгі на зборы ў Турцыі

Берасцейцы выправіліся ў Стамбул, адкуль паедуць у Тэкірдаг. Там каманда правядзе перадсезонны збор, які завершыцца 10 жніўня. У рамках збору рэгулярныя заняткі ў трэнажорнай і гульнявой залах, а таксама на стадыёне. Ёсць папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні спарынгаў з „Бешыкташам” і „Сакар’яй” 7 і 9 жніўня.
Нагадаем, беларускія клубы і зборныя адхіленыя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

Украіна будзе падаваць апеляцыю на дыскваліфікацыю Харлан, але гэта не верне яе на чэмпіянат свету

Прэзідэнт Федэрацыі фехтавання Украіны Міхаіл Ільяшаў пракаментаваў сітуацыю з дыскваліфікацыяй Вольгі Харлан з чэмпіянату свету за тое, што яна не паціснула руку расіянцы Ганне Смірновай. «Рыхтуем пратэст, будзем аспрэчваць гэтае рашэнне. Бо суддзя, які непасрэдна працаваў на гэтым матчы, не даў чорную картку, не дыскваліфікаваў яе. Толькі тады пачаліся падпольныя гульні. Гэтая дыскваліфікацыя з’явілася пасля таго, як вызначылася наступная суперніца Вольгі Харлан, нават быў прызначаны суддзя на наступны бой. Але вярнуць яе на гэтыя спаборніцтвы ўжо не можа быць і гаворкі. У гэтым выпадку мы будзем дамагацца адмены гэтай чорнай карткі і дыскваліфікацыі», — сказаў Ільяшаў у эфіры тэлемарафону.

Давід Сільва завяршыў кар’еру

Былы паўабаронца зборнай Іспаніі, «Манчэстэр Сіці», «Валенсіі» і іншых клубаў Давід Сільва аб’явіў пра завяршэнне кар’еры. Нядаўна 37-гадовы іспанец на трэніроўцы парваў крыжападобныя звязкі на левым калене, пасля чаго з’явілася інфармацыя, што гулец «Рэал Сасьедада» разважае аб завяршэнні кар’еры. «Сёння сумны для мяне дзень. Сёння час развітацца са справай, якой прысвяціў усё жыццё. Час развітацца з партнёрамі, якія сталі для мяне сям’ёй», – сказаў Сільва.  Ён таксама гуляў за «Сельту» і «Эйбар». За час кар’еры выйграў Чэмпіянат свету, 2 Чэмпіянаты Еўропы, 4 чэмпіянаты Англіі, 2 Кубкі, 3 Суперкубкі і 5 Кубкаў футбольнай лігі Англіі і 2 Кубкі Іспаніі.

Беларускае Радыё Рацыя