Анастасія Шкурдай устанавіла нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 50 м батэрфляем
Берасцейка Анастасія Шкурдай устанавіла нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 50 м батэрфляем на Кубку Беларусі па плаванні, які праходзіць у яе родным горадзе.
З гэтага часу новае нацыянальнае дасягненне на гэтай дыстанцыі – 25,56 секунды. Гэты вынік прынёс Анастасіі Шкурдай перамогу. У фінальным заплыве на 200 м на спіне ў мужчын не было роўных Івану Адамчуку з Берасцейскай вобласці – 2 хвіліны 3,29 секунды. На дыстанцыі 800 м у жанчын выйграла мінчанка Ксенія Знак, для якой гэта другое золата турніру. Напярэдадні яна першынствавала на дыстанцыі 1500 м вольным стылем. Арцём Мачэкін выйграў на дыстанцыі 50 м вольным стылем з вынікам 22,88 секунды.
Аляксандра Сасновіч прабілася ў трэці круг „Уімблдона”
Беларуска Аляксандра Сасновіч прабілася ў трэці круг „Уімблдона”. У матчы другога раўнду яна абыграла японку Нао Хібіно – 6:4, 7:6. Наступнай суперніцай Сасновіч стане немка Ангеліка Кёрбер. Ілля Івашка абыграў Жэрэмі Шардэн у другім крузе „Уімблдона” – 4:6, 6:3, 6:2, 6:4 Пасля „Уімблдона” Ілля Івашка ўпершыню за два гады стане першай ракеткай Беларусі.
Андрэй Клімовіч можа перайсці ў ЦСКА
Брамнік „Арэнбурга” Андрэй Клімовіч можа перайсці ў маскоўскі ЦСКА. Маскоўскі клуб разглядае галкіпера як зменшчыка Ігара Акінфеева. 32-гадовы беларус апошнія два гады выступаў у клубе з Паўднёвага Урала, кантракт з ім мінае гэтым летам. Клімовіч у 56 матчах за „Арэнбург” прапусціў 60 мячоў і правёў 21 сухі матч.
Таццяна Халадовіч заняла пятае месца на этапе Брыльянтавай лігі ў Нарвегіі
Беларуска Таццяна Халадовіч заняла пятае месца ў кіданні дзіды на этапе Брыльянтавай лігі ў Нарвегіі. У лепшай спробе яна кінула снарад на 59 метраў 40 сантыметраў. Перамогу святкавала немка Крысцін Хусонг з вынікам 62 метры 62 сантыметры. Нарвежац Карстэн Вархольм устнавіў сусветны рэкорд у бегу на 400 метраў. Бягун пераадолеў дыстанцыю за 46,70 секунды, скінуўшы восем сотых з дасягнення Кевіна Янга. Сусветны рэкорд амерыканца трымаўся з 1992 года.
Сёння на Еўра-2020 згуляюць чвэрцьфіналы.
Сёння на чэмпіянаце Еўропы па футболе -2020 пройдуць два першыя матчы 1/4 фіналу. Першымі ў Санкт-Пецярбургу, а 19 гадзіне па беларускім часе згуляюць зборныя Швейцарыі і Іспаніі. У 22:00 у Мюнхене пачнецца сустрэча зборных Бельгіі і Італіі. Букмекеры лічаць іспанцаў і італьянцаў фаварытамі гэтых супрацьстаянняў.
Беларускае Радыё Рацыя