Анатоль Лябедзька: Стаўлю на бельгійцаў



Пра свае ўражанні ад чвэрцьфінальнага матча Еўра-2016 Польшча-Партугалія і ўвогуле ад футбольнага першынства распавёў палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька: Перад матчам я рабіў прагноз, што выйграюць партугальцы, так яно і атрымалася. А заўзеў я, безумоўна за Польшчу.

РР: Падабаецца зборная Польшчы?

Анатоль Лябедзька: Палякі прадэманстравалі, што можна расці. Польскі футбол мае добрую перспектыву. Ёсць малюнак гульні і ёсць харызматычны лідар у камандзе – Левандоўскі. Таму ў Польшчы з футболам усё больш-менш нармальна.

РР: Увогуле, як вам гэты чэмпіянат?

Анатоль Лябедзька: З самага пачатку я сказаў, што стаўлю на бельгійцаў. Гэта для мяне такі своеасаблівы эксперымент. Заўзець за фаварытаў – не па мне. А вось у бельгіцаў вельмі цікавая зборная. Краіна падобна на нас па насельніцтву, па структуры, а футбольная каманда паказвае прыклад, як футбол можа стаць народнай гульнёй і, як можа з’явіцца такая таленавітая перспектыўная зборная. Гэта прыклад для Беларусі. Для гэтага, безумоўна, трэба, каб у людзей была свабода, канкурэнцыя, матывацыя і ініцыятыва. Гэтыя рэчы, мяркую, могуць ствараць такія каманды, каб рабіць заўзятарам прыемныя сюрпрызы.

РР: Чаму Ісландыя з насельніцтвам у 300 тысяч чалавек радуе сваіх аматараў футбола прыемнымі сюрпрызамі, а шматмільённая Беларусь толькі марыць, што футбольная зборная патрапіць на фінал чэмпіяната Еўропы?

Анатоль Лябедзька: Я ўжо казаў пра свабоду, канкурэнцыю, матывацыю і ініцыятыву. Гэтага няма ні ў Беларусі, ні на Кубе, ні ў Паўночнай Карэі. На загадах і пагрозах далёка не заскочыш. А ў свабоднага чалавека велізарны патэнцыял.

Дарэчы, хацеў бы адзначыць адну адметнасць Еўра-2016 – каманды, на якія не ставілі, не тое, што сёння вызначаюць футбольную моду ў Еўропе, але вельмі моцна ўплываюць на агульнае надвор’е. Гэта і робіць прыцягальным футбол. Мяч круглы, поле роўнае, шанцы ёсць ва ўсіх.

РР: Ці падабаецца вам новая формула чэмпіяната, калі колькасць удзельнікаў пашырылі да 24 каманд?

Анатоль Лябедзька: Мяркую, гэта пайшло на плюс. З самага пачатку эксперты казалі, што гэта робіць нецікавай першую частку турніра, дзе будзе вельмі моцны разрыў паміж фаварытамі і больш слабымі камандамі, але ж гэтага не адбылося. Больш за тое – адбылося ўсё наадварот. З самага пачатку гульні былі складаныя, было забіта не так шмат мячоў, але толькі таму, што тыя самыя “слабыя” зборныя аднесліся да ўдзелу вельмі сур’ёзна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя