Андрэй Архіпаў працягне кар’еру ў „Лідзе”



25-гадовы футбаліст Андрэй Архіпаў працягне кар’еру ў „Лідзе” (Д2). Беларускі абаронца выступаў за клуб польскага мінору „Яськавіцы” (Д5), перадае прэс-служба лідчан.

У сезоне 2018 футбаліст выступаў за сталічны „Прамень”, у складзе якога правёў 10 матчаў у вышэйшай лізе. Пра дэталі пагаднення Архіпава з „Лідай” не паведамляецца.

Менскае „Дынама” і форвард Ягор Зубовіч скасавалі кантракт па пагадненні бакоў. Пра гэта інфармуе клубная прэс-служба. Ягор Зубовіч перайшоў у менскі клуб у мінулае міжсезонне і за 2019-ы год прыняў удзел у 35 матчах, у якіх забіў 10 мячоў.

Абаронца маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) Уладзіслаў Глінскі перайшоў з БАТЭ у „Іслач”. Пра дэталі кантракту 19-гадовага гульца з камандай з Менскага раёна не паведамляецца, інфармуе прэс-служба „жоўта-сініх”.

У першы дзень Сасновіч згуляе з Бертэнс, Сабаленка – супраць Рус

Вызначаны пары на матч Кубка федэрацыі паміж зборнымі Нідэрландаў і Беларусі. Паядынак пройдзе 7 і 8 лютага ў Гаазе. У першы дзень Кіке Бертэнс (8 ВТА) – Аляксандра Сасновіч (113 ВТА), Аранча Рус (77 ВТА) – Арына Сабаленка (13 ВТА) у матчы Нідэрланды – Беларусь будзе разыграна пуцёўка ў фінальны раўнд найбуйнейшага каманднага турніру ў жаночым тэнісе.

Аляксей Протас перайшоў мяжу ў 100 ачкоў у WHL

Беларускі нападнік Аляксей Протас перайшоў мяжу 100 ачкоў у WHL. Для гэтага форварду хапіла менш чым два сезоны. У ноч з серады на чацвер „Прынс Альберт” абыграў „Медзісін-Хат Тайгерс” з лікам 4:3. Аляксей Протас ў канцы трэцяга перыяду зраўняў лік, а пасля ў авертайме яшчэ раз патрапіў у брамку суперніка. Дубль дазволіў нападніку перайсці мяжу 100 ачкоў у WHL. У лізе хакеіст гуляе з мінулага года. У папярэднім сезоне беларус набраў 40 (11+29) балаў. Зараз на рахунку форварда 61 (24+37) ачко ў 45 гульнях.

Зборная Беларусі 6 лютага правядзе матч са славакамі ў рамках „Kaufland Сup”

6 лютага зборная Беларусі па хакеі правядзе першы матч на міжнародным турніры Kaufland Сup ў Славакіі. Падапечныя Міхаіла Захарава сустрэнуцца з гаспадарамі турніру. Апошні раз хакеісты зборных Славакіі і Беларусі сустракаліся ў лютым 2019 года ў Браціславе. Тады гаспадары перамаглі ў серыі булітаў з лікам 2:1.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com/fc_lida