Андрэй Касціцын падпісаў кантракт з менскім „Дынама”
Адзін з самых знакамітых беларускіх хакеістаў апошняга дзесяцігоддзя 33-гадовы нападаючы Андрэй Касціцын падпісаў кантракт з менскім „Дынама”.
Пагадненне разлічана на адзін сезон, паведаміла 21 траўня прэс-служба каманды.
Касціцын — адзін з нямногіх беларускіх хакеістаў, хто доўгі час выступаў у Нацыянальнай хакейнай лізе (восем сезонаў — з 2005/06 па 2011/12). Усяго ў НХЛ Касціцын згуляў 457 матчаў за „Манрэаль Канадыенс” і „Нэшвіл Прэдатарс” і набраў у іх 245 (117+128) ачкоў.
У сезоне-2012/13 гулец перайшоў у Кантынентальную хакейную лігу. У КХЛ ён выступаў за чалябінскі „Трактар”, „Сочы”, ніжагародскае „Тарпеда” і кітайскі „Куньлунь”. У 306 матчах КХЛ ён набраў 186 (81+105) ачкоў. Андрэй Касціцын з’яўляецца лідарам зборнай Беларусі. За нацыянальную каманду ён сыграў 159 паядынкаў, у якіх закінуў 40 шайб. Касціцын выступаў у складзе зборнай на дзевяці чэмпіянатах свету.
У панядзелак прэс-служба „Дынама” таксама паведаміла, што менскае „Юнацтва” і салігорскі „Шахцёр” сталі дынамаўскімі фарм-клубамі, а „Дынама-Маладзечна” цяпер самастойная каманда.
belapan.by