Андрэй Касціцын сышоў з менскага „Дынама”



Нападнік Андрэй Касціцын пакінуў менскае „Дынама”. 30 красавіка ў 35-гадовага хакеіста скончыўся тэрмін кантракту з беларускім клубам.

Касціцын правёў у складзе „зуброў” два чэмпіянаты, згуляў 110 матчаў, у якіх закінуў 31 шайбу і аддаў 31 выніковую перадачу. У абодвух сезонах нападнік станавіўся другім бамбардзірам каманды, а ў гэтым годзе выводзіў яе на лёд з капітанскай нашыўкай, – паведамляе сайт „Дынама”.

Арына Сабаленка згуляе ў матчавай сустрэчы ў менскім Палацы тэніса

Вядучыя беларускія тэнісісты прымуць удзел у матчавых сустрэчах Belarus Insurance Cup, якія пройдуць 6-7 мая ў менскім Палацы тэніса. У турніры прымуць удзел Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч, капітан каманды Кубка Дэвіса Дзмітрый Жырмонт і іншыя. На мерапрыемстве будуць выконвацца максімальныя меры бяспекі: матчы адбудуцца без гледачоў, усе спартоўцы будуць праходзіць медыцынскі агляд, на корце будзе прысутнічаць толькі адзін суддзя і не будзе звыклых поціскаў рукі ў канцы матчу.

Арцём Кулак можа перайсці ў македонскі „Вардар”

Па звестках македонскіх журналістаў, у „Вардары” разглядаюць кандыдатуру распасоўніка БГК імя Мяшкова Арцёма Кулака. Каманда пачала фармаванне складу на наступны сезон. Аднак у клубе таксама чакаюць вяртання Ігора Карачыча з „Віве” – толькі пасля яго адказу будзе ацэнены варыянт з запрашэннем беларускага распасоўніка, – паведамляе „Хуткі цэнтр”. Між тымі БГК імя Мяшкова падпісаў кантракт на наступны сезон з плеймейкерам „Вардара” Сташам Скубе. І Арцёму Кулаку, верагодна, прыйдзецца змяніць клуб.

15-гадовы беларус Цімафей Цімашкоў задрафтаваны „Амаха Лансерс”

15-гадовы беларускі нападнік Цімафей Цімашкоў абраны пад агульным 116-м нумарам у 8-м раўндзе драфта USHL, першая фаза якога адбылася ў ноч на 5 траўня па беларускім часе. Хакеіст спадабаўся клубу „Амаха Лансерс”, – паведамляе hockey.by. Цімашкоў – выхаванец „Юнацтва”. У мінулым сезоне выклікаўся ў юнацкую зборную Беларусі (U-16), у складзе якой стаў пераможцам міжнародных турніраў у Аўстрыі і Швейцарыі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота hcdinamo.by