Андрэй Стась падпісаў новы кантракт з „Авангардам”



„Авангард” падпісаў новы кантракт з нападнікам Андрэем Стасем. Пагадненне разлічана на год, паведамляе твітар клуба.

У мінулым сезоне беларускі хакеіст згуляў ва ўсіх 68 матчах. Набраў 4 (2+2) ачкі, выйграў 60 адсоткаў укідванняў, заблакаваў 34 кідкі, зрабіў 44 хіты.

Гаспадаром поля ў фінале Кубка Беларусі вызначаны БАТЭ

У Доме футбола адбылося вызначэнне гаспадара матчу за Кубак Беларусі. Па выніках лёсавання гаспадаром фіналу вызначаны футбалісты барысаўскага БАТЭ. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт БФФ. Фінал пройдзе ў Менску на стадыёне „Дынама” 24-га траўня і стартуе а 17, дзе берасцейскае „Дынама” згуляе з барысаўскім БАТЭ.

Неймар гатовы пайсці на зніжэнне зарплаты дзеля пераходу ў „Барселону”

Бразільскі нападнік „ПСЖ” Неймар гатовы пайсці на значнае паніжэнне зарплаты дзеля пераходу ў „Барселону”. Футбаліст адмовіўся працягваць кантракт з камандай на палепшаных умовах. 28-гадовы бразілец гатовы адмовіцца ад 50% заробку дзеля пераходу ў каталонскі клуб, піша Mundo Deportivo. Тэрмін дзейнага кантракта форварда з „ПСЖ” заканчваецца ў чэрвені 2022 года.

Чэмпіянат свету па водных відах спорту перанесены на 2022 год

Чэмпіянат свету па водных відах спорту перанесены на 2022 год. Такое рашэнне прынята FINA пасля кансультацый з федэрацыяй плавання Японіі, арганізатарамі, спартоўцамі, трэнерамі, тэхнічнымі камітэтамі. Першапачаткова сусветны форум быў запланаваны на лета 2021 года. Новымі датамі выбраны 13-29 траўня 2022 года. Прынятае рашэнне забяспечыць найлепшыя магчымыя ўмовы для ўсіх удзельнікаў чэмпіянату.

У Сяргея Паліцэвіча разрыў крыжападобнай звязкі

Пасля траўмы, атрыманай падчас матчу ў адказ паўфіналу Кубка Беларусі, у абаронцы „Шахцёра” Сяргея Паліцэвіча дыягнаставана пашкоджанне каленнага сустава, разрыў пярэдняй крыжападобнай звязкі. Гульцу трэба аператыўнае лячэнне і доўгая рэабілітацыя, паведамляе сайт „гарнякоў”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by