Андрэя Краўчанку прааперыравалі ў Фінляндыі



Спартсмен не паедзе на чэмпіянат Еўропы-2015 у закрытых памяшканнях, які пройдзе ў Празе з 5 па 8 сакавіка.

“Было шмат планаў, але давялося лячыць траўму, – распавёў сёння дзесяціборац падчас прэзентацыі штогадовай узнагароды Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. – У студзені было прынята рашэнне рабіць аперацыю, таму што нага не праходзіла, патрабавалася ўмяшальніцтва дактароў. Аперацыю зрабілі ў Хельсінкі, здаецца, усё прайшло нармальна. Ужо праз месяц рухаўся практычна без аніякага дысмкамфорту. Калі так пойдзе і далей, то выйду на прыстойны узровень да чэмпіяната свету, які ў жніўні пройдзе ў Кітаі”.

Як аказалася, на гэты раз Краўчанку пашэнціла, бо дзяржава знайшла-такі грошы на лячэнне спартсмена.

“Трэба выказаць падзяку Міністэрству спорту і Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, якія знайшлі фінансы на аперацыю ў Фінляндыі, – дадаў галоўны трэнер беларускай лёгкаатлетычнай зборнай Ігар Сівадзедаў. – Такая ж гісторыя здарылася з Андрэем і напярэдадні Гульняў-2012, але тады, на жаль, грошы для падтрымкі спартсмена не атрымалі. Андрэю прыйшлося рабіць аперацыю за свае сродкі, яна дастаткова дарагая. Як бачым, зараз спартсмена падтрымалі ў цяжкі час, а гэта вельмі важна. Думаю, падрыхтоўка да Алімпіяды пройдзе ў нармальным рэжыме”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя