Ангельская традыцыя



Па выніках двух дзён Еўра ўжо можна рабіць пэўныя высновы. Адна з іх – пераважная бальшыня матчаў пройдзе ў зацятым змаганні, іншае назіранне – большая частка галоў сучаснага футболу вынікае пасля стандартных пазіцый.

Першымі ў суботу на газоне ў Лансе зышліся Швайцарыя і Албанія. У складзе “крыжакоў” нямала гульцоў албанскага паходжання, а многія албанцы выступалі за юнацкія дружыны Швайцарыі, таму сустрэча мела асаблівую пікантнасць. Ужо ў самым дэбюце брамнік албанскіх “арлоў” Этрыт Берыша пры падаванні кутняга злавіў паветра і абаронец Фабіян Шэр галавой адкрыў лік. Незадоўга да антракту швайцарцы маглі падвоіць сваю перавагу, аднак капітан балканцаў Ларык Цана сфаліў рукой. Другая жоўтая картка – і справядлівае выдаленне. Албанцы далей змагаліся на роўных, мелі шанцы адыграцца, транжырылі свае моманты і швайцарцы, але галоў больш не здарылася.

Албанія-Швайцарыя-0:1 (Фабіян Шэр, 5)

У групе “В” Славаччына і Уэльс высвятлялі адносіны ў Бардо. Стартавы націск усходнееўрапейцаў быў досыць нечаканым. Яго вянчаў эфектны сольны эцюд Марэка Гамшыка, аднак абаронца выбіў мяч, які ўжо ляцеў у пустую браму. А пасля наступіла класічная “абаротка”. Валійцы атрымалі права на штрафны. Іх лідар Гарэт Бэйл запусціў мяч вышэй сценкі ды па цэнтры – галкіпера Матуша Козачыка нібы адкінула паветранай хваляй і ён бездапаможна пляснуўся на траву. Першы гол Уэльса на топ-турніры адразу выбіў з каляіны славакаў і да перапынку яны больш нічога не стварылі. Пасля антракту ішла жорсткая мужчынская гульня, следствам чаго быў лістапад жоўтых картак для славакаў. Выхаванцам Яна Козака ўдалося адыграцца  пасля спрытнага завяршальнага дзеяння Дуды. Сустрэча павінна была даплысці ў нічыйную гавань, але фартуна была ў гэты дзень на баку валійцаў.

Уэльс-Славаччына-2:1 (Гарэт Бэйл, 10, Хэл Робсан-Кану, 81; Ондржэй Дуда, 61).

Цвік дня павінен быў забівацца ў Марселі, дзе Англія экзаменавала Расею. У першым тайме каманда “трох ільвоў” выразна дамінавала. Тэхнічны Рахім Стэрлінг затурзаў апанентаў на сваім фланзе. Брытанцы валодалі мячом, мелі шмат корнераў, якія чамусьці выконваў бамбардзір Хары Кейн, прычым няўдала. Два голавыя моманты не скарыстаў Адам Лалана, біўшы занадта просталінейна. На перапынак каманды выправіліся пры нулях. У другой палове расейцы значна асмялелі і маглі таксама забіць. Коўч ангельцаў Рой Ходжсан спакваля губляў ніці гульні. На 71-й хвіліне Ігар Акінфееў выратаваў сваю дружыну пасля стрэлу Уэйна Руні. А вельмі хутка пасля гэтага брытанцы атрымалі права на штрафны і Эрык Дайер магутным ударам ледзь не падраў сетку – 1:0. Аднак далей Англія не скарысталася сітуацыяй. Пацвердзілася старая статыстыка – на еўрачэмпіянатах пачынальнікі футболу ўжо 9-ы раз не выйграюць стартавы матч. Выратавальнікам Расеі нечакана стаў Васіль Беразуцкі – у даданы час ад яго галавы мяч па парабале заляцеў у браму Джо Харта. Нямая сцэна ў стане ангельцаў, а інтрыга ў групе будзе закручана напоўніцу.

Англія-Расея-1:1 (Эрык Дайер, 73; Васіль Беразуцкі, 92)

Праграма нядзельнага дня пачнецца паядынкам у Парыжы харватаў з туркамі. Старыя гістарычныя рахункі балканцаў з асманцамі няслаба падаграваюць патэльню разладу. Цікава, што з 6 ранейшых матчаў чатыры выйгралі “шахматныя”, Турцыя ж здолела дамагчыся толькі дзвюх нічыіх. Аднак, статыстыка тут маніць, таму што ў сама важным міжсабойным спаборы – у чвэрцьфінале Еўра-2008 пасля 1:1 у асноўны час янычары ўзялі верх па пенальці. Харваты блякла глядзеліся ў адборавым тутніры, але якраз іх дружына здольная патэнцыйна істотна дадаць. Паглядзім як будзе.

Пазней на поле курортнай Ніцы выйдуць прадстаўнікі групы “С” – Польшча і Паўночная Ірляндыя. Што цікава, агульная статыстыка на карысць брытанцаў. Іх у квартэце лічаць аўтсайдарамі, забываючы, што падначаленыя Майкла О’Ніла маюць уражальную серыю без паразаў.

Цэнтральны матч нядзелі – вячэрняе спатканне Германіі  з Украінай. Немцы маюць праблемы ў звязку з траўмамі шэрагу гульцоў. Украінцам нельга пасаваць перад аўтарытэтам чэмпіёнаў свету і гнуць сваю лінію. Хоць у пяці ранейшых паядынках жоўта-блакітныя ні разу не выйгралі ў бундэстым.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя