Англія ўпершыню ў гісторыі выйшла ў фінал футбольнага Еўра



Другі паўфінальны матч, разыграны на лонданскім „Уэмблі” не пакінуў абыякавым нікога з аматараў футболу.  У дадатковы час Англія перамагла Данію – 2:1.

У першым тайме тактычна больш прывабна выглядала дружына Даніі. Яе тэхнічныя дзеянні прывялі да прызначэння небяспечнага штрафнога. Мікель Дамсгор бліскучым ударам не пакінуў шанцу брамніку ангельцаў Пікфарду. Ішла 30-я хвіліна сустрэчы. Гэта быў першы мяч, прапушчаны камандай „трох ільвоў” на турніры.

Ангельцы, аднак, паспелі адыграцца яшчэ да перапынку – прастрэл Баё Сакі ўвасобіў у аўтагол капітан Даніі Сімон К’ер.

Другі тайм сустрэчы нечакана прайшоў пры выразным дамінаванні брытанцаў. Іх фізічная моц і прэсінг былі ўражвальнымі. Нават 5 заменаў, зробленых трэнерскім штабам скандынаваў, не прывялі да параўнання сітуацыі. Падалося нават, што лідараў Даніі замянілі зарана.

На 74-й хвіліне здарылася вострая сітуацыя ў штрафной Даніі – было ўражанне, што на Гары Кейну выразна сфалілі, аднак арбітр катэгарычна паказаў – пенальці не было. Ангельцы да апошніх секунд асноўнага часу імкнуліся дамагчыся вікторыі, але так і не паспелі забіць вырашальны мяч. Ажно 7-ы раз на турніры (рэкорд!) быў прызначаны дадатковы час.

У дадатковы час Данія зусім не мела контргульні. А на 103-й хвіліне пасля ўварвання ў штрафную пляцоўку Рахіма Стэрлінга нідэрляндскі арбітр Макелі прызначыў больш чым спрэчны пенальці. Гары Кейн не здолеў рэалізаваць пенальці ў браму Каспера Шмейхеля, але меў шчасце на дабіванні – 2:1.

У  апошнім адрэзку датчане імкнуліся адыграцца, але ў іх ужо мала што атрымлівалася. Англія ўтрымала сваю перавагу і ўпершыню ў гісторыі згуляе ў фінале еўрачэмпіянату. Яе супернік у вырашальным матчы – Італія.

Беларускае Радыё Рацыя