Англія выйшла ў чвэрцьфінал мундыялю



Матч Англія – Калумбія выдаўся найбольш грубым на гэтым першынстве. Вінаватыя ў гэтым найперш празмерна агрэсіўныя паўднёваамерыканцы, якія амаль з пачатку сустрэчы сталі займацца бруднымі правакацыямі і парушэннямі. Працы ў амерыканскага арбітра Марка Гейгера было вышэй даху. Каманда “трох ільвоў” практычна цягам усяго матчу грала першым нумарам і дыктавала свае ўмовы. Калумбійцы адчайна бараніліся, а сапраўдны гігант Еры Міна цараваў у змаганні за верхавыя мячы. Ангельцы, хутка зразумеўшы марнасць кросаў у штрафную супраціўніка, заняліся не ўласцівай ім раней дробнай перапасоўкай і спадзяваліся на ўлюбёныя стандарты. На 43-й хвіліне Кірон Трып’ер са штрафнога абвёў сценку, але ў рамку не трапіў. У брытанскага брамніка Пікфарда нагрузкі ў першым тайме не было зусім.

Пасля перапынку характар сустрэчы не памяняўся. А на 53-й хвіліне, калі Карлас Санчас пры падаванні корнера рукамі заваліў Кейна ў штрафной, быў прызначаны пенальці. На гэты раз Хары Кейн пусціў мяч проста па цэнтры, а Давід Аспіна заранёў паляцеў убок. Гэта быў 6-ы гол брытанскага капітана на турніры. Дадамо таксама, што ўпершыню з 1939 году гулец зборнай Англіі забіў у 6 матчах запар. Развіць гэты лакальны поспех прадстаўнікам туманнага Альбіёна не ўдалося.

На 81-й хвіліне Хуан Куадрада ў выніку контратакі меў ідэальную магчымасць параўняць лік, але запусціў мяч у неба. А ўжо ў даданы час “лос-кафетэрас” усё ж перавялі гульню ў авертайм. Пасля адзінага кутняга галавой забіў канешне Еры Міна – трэці аналагічны гол на турніры. З 1974 году пасля немца Паўля Брайтнера аніводны абаронца не забіваў на адным мундыялі 3 мячы.

У першым авертайме калумбійцы крыху прыціснулі да канатаў ангельцаў, якія не адышлі ад стану грогі. Потым сталі актыўнічаць ужо брытанцы. У выніку справа дайшла да пасляматчавай латарэі. Аспіна першым даў рады ўдару Хендэрсана, але затым калумбіец Урыбе зарадзіў у папярэчыну, а наступны пенальці лаціносаў, які выконваў Бака, парыраваў Пікфард. Фінальны 11-мятровы з цяжкасцю, але рэалізаваў Эрык Дайер. Англія ідзе далей!      

Калумбія – Англія – 1:1 (Міна, 93-я; Кейн, 57-я, з пенальці), па пенальці 3:4

Такім чынам сталі ведамы ўсе чвэрцьфінальныя пары: Уругвай – Францыя, Бразілія – Бельгія, а з іншага боку сеткі Расея – Харватыя і Швецыя – Англія.

Беларускае Радыё Рацыя