Антон Смольскі заняў трэцяе месца ў спрынце на этапе Кубка свету



Беларускі біятланіст Антон Смольскі заняў трэцяе месца ў спрынце на шостым этапе Кубка свету ў нямецкім Рупольдынгу. 10-кіламетровую дыстанцыю Антон Смольскі пераадолеў за 23 хвіліны 55,8 секунды, прайграўшы пераможцу – лідару агульнага заліку французу Кантэну Фіёну Майе 32,1 секунды. Другі вынік на фінішы паказаў прадстаўнік Германіі Бенедыкт Доль, які апярэдзіў Антона Смольскага на 24,9 секунды. У адрозненне ад двух першых прызёраў, якія прайшлі абодва рубяжы на нуль, беларус прамахнуўся апошнім стрэлам на стойцы і заехаў на адзін штрафны круг. Гэты подыум стаў для Антона Смольскага другім асабістым у сезоне: раней спартовец уздымаўся на трэцюю прыступку па выніках спрынтарскай гонкі ў Хохфільцэне. У нядзельную гонку пераследу кваліфікаваліся яшчэ тры беларускія біятланісты. Максім Вeрабей дапусціў адзін недакладны стрэл і заняў выніковае 28-е месца, Мікіта Лабастаў стаў 47-м, Дзмітрый Лазоўскі – 55-м. Раман Елетнаў з чатырма штрафнымі кругамі размясціўся на 88-й пазіцыі.

„Юнацтва” абыграла „Дынама-Маладзечна”  

Хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Дынама-Маладзечна” ў матчы беларускай экстралігі. Сустрэча ў сталіцы скончылася з лікам 3:2.

У іншым матчы дня „Брэст” дома не справіўся з „Нёманам” – 2:4. Ужо да дзевятай хвіліны гарадзенцы вялі ў дзве шайбы, аднак да экватара гульні гаспадары адквіталі дэфіцыт. І ўсё ж свайго госці не ўпусцілі, закінуўшы яшчэ двойчы за дзве хвіліны да канца гульні. Асістэнцкі хет-трык за „Нёман” аформіў Павел Ажгірэй. Такім чынам гарадзенцы, якія набралі 47 ачкоў, вярнуліся на шостае месца ў экстралізе, у „Дынама-Маладзечна” і „Хіміка” на бал меньш, але ў навапалачан ёсць гульня ў запасе.

У яшчэ адной гульні чацвярга „Шахцёр” на сваім лёдзе ўпэўнена разабраўся з „Лідай” – 5:2. Дубль запісаў у актыў форвард гарнякоў Кірыл Нікулін, а яго партнёр па камандзе Міхаіл Стэфановіч адзначыўся голам у стылі лакрос, адправіўшы шайбу „за каўнер” галкіперу, знаходзячыся за брамкай. Гэта перамога дазволіла „Шахцёру” наблізіцца да топ-3 на адлегласць аднаго бала. У салігарчан – 59 ачкоў, у лідыруючага „Юнацтва” на 10 пунктаў больш.

Расейскія гандбалісты перамаглі літоўцаў на старце Чэмпіяната Еўропы

Расійскія гандбалісты перамаглі ў стартавым матчы чэмпіянату Еўропы, які пачаўся на арэнах Венгрыі і Славакіі. У першым паядынку папярэдняй групы F у Кошыцы расіяне перайгралі зборную Літвы з лікам 29:27.

Зборная Беларусі свой стартавы паядынак у папярэдняй групе D кантынентальнага першынства правядзе сёння ў Браціславе супраць каманды Германіі.

Футбаліст Андрэй Салавей падпісаў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”

Нападнік Андрэй Салавей стаў гульцом салігорскага „Шахцёра”. Форвард падпісаў з клубам кантракт на тры гады, паведамляе прэс-служба „гарнякоў”. Андрэй Салавей з’яўляецца выхаванцам бярозаўскай ДЮСШ №1. Прафесійную кар’еру футбаліст пачаў у берасцейскім „Дынама”, затым гуляў за жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, „Слонім-2017” і гомельскі „Лакаматыў”. У мінулым сезоне выступаў за футбольны клуб „Гомель”, у складзе якога фінішаваў чацвёртым у чэмпіянаце краіны, стаў лепшым гульцом Беларусі-2021 і лепшым нападнікам вышэйшай лігі. Таксама форвард заняў другое месца ў спісе бамбардзіраў мінулага чэмпіянату, забіўшы 18 мячоў. За нацыянальную зборную Беларусі Андрэй Салавей дэбютаваў у чэрвені мінулага года ў таварыскім матчы супраць Азербайджана, выйшаўшы на замену ў другім тайме. Усяго за галоўную каманду краіны футбаліст правёў 4 матчы.

„Атлетык” абыграў „Атлетыка” і згуляе ў фінале Суперкубка Іспаніі з „Рэалам”

У Саудаўскай Аравіі прайшоў матч паўфіналу Суперкубка Іспаніі паміж мадрыдскім „Атлетыка” і „Атлетыкам” з Більбао. Супрацьстаянне завяршылася з лікам 2:1 на карысць каманды Марселіна Гарсіі Тараля. Першы гол у матчы быў забіты на 62-й хвіліне: брамнік «Атлетыка» Унай Сымон пераправіў мяч у сваю браму. Футбалістам клуба з Більбаа ўдалося адыграцца і выйсці наперад за 4 хвіліны: спачатку гол забіў Ерай Альварэс, а затым вызначыўся Ніка Уільямс. На 5 даданай хвіліне матчу Хасэ Хіменэс атрымаў прамую чырвоную картку. „Атлетык” выйшаў у фінал Суперкубка Іспаніі, дзе згуляе з мадрыдскім „Рэалам”.

Фінальны матч за Суперкубак Іспаніі павінен адбыцца ў нядзелю.

Беларускае Радыё Рацыя